Delfi паведамляў, што гэта нібыта была мэтанакіраваная апэрацыя, каб праверыць магчымасьці літоўскай супрацьпаветранай абароны і стварыць псыхалягічны эфэкт.
У камэнтары для мэдыя NKVC заяўляе, што даступныя на цяпер зьвесткі расьсьледаваньня пацьвярджаюць першапачатковую вэрсію, што бесьпілётнікі, якія разьбіваліся ўлетку ў Літве, былі запушчаны Расеяй ва Ўкраіну і выпадкова трапілі на тэрыторыю Літвы.
«Пры правядзенні гэтага расьсьледаваньня Генэральная пракуратура супрацоўнічае з інстытутамі краіны і міжнароднымі партнэрамі, каб забясьпечыць аб’ектыўнае, грунтоўнае і максімальна хуткае завяршэньне расьсьледаваньня. Публічна прадстаўленыя інтэрпрэтацыі ананімных крыніц уводзяць грамадзкасьць у зман», — цытуе заяву NKVC літоўская грамадзкая тэлерадыёкампанія LRT.
Раніцай 28 ліпеня паліцыя Літвы папярэдзіла грамадзян аб уварваньні з тэрыторыі Беларусі бесьпілётнага лятальнага апарата неўстаноўленага тыпу. Галоўны дарадца NKVC Дарус Бута тады паведаміў парталу Delfi, што дрон, зафіксаваны на вышыні каля 200 мэтраў, апошні раз быў заўважаны каля Вільні.
Пазьней на палігоне ў Гайжунах у Янаўскім раёне знайшлі меркавана той самы апарат, які заляцеў у Літву зь Беларусі 28 ліпеня.
Раней, 10 ліпеня 2025 году, у Літву зь Беларусі заляцеў іншы расейскі дрон.