Расейскім праўладным СМІ забаранілі распаўсюджваць любыя заявы аб мабілізацыі ў РФ, нават калі яны зыходзяць з Дзярждумы ці Савета Фэдэрацыі РФ. Адпаведнае негалоснае распараджэньне паступіла з адміністрацыі Пуціна, піша The Moscow Times, спасылаючыся на дзьве крыніцы ў расейскіх СМІ.
«Да гэтага мы маглі пісаць і пра бягучую мабілізацыю, і пра магчымыя сцэнары і прагнозы. Цяпер усе прагнозы пастаўлены на стоп. У патрабаваньні гаворыцца, што нельга цытаваць, нават калі заяву зрабіў дэпутат Дзяржаўнай думы РФ або сэнатар», — кажа адна з крыніц выданьня.
- 21 сьнежня міністар абароны Расеі Сяргей Шойгу прапанаваў давесьці колькасьць Узброеных сіл Расеі да 1,5 мільёна чалавек. Гэта азначае, што ў расейскае войска прапануецца адправіць яшчэ каля 350 тысяч чалавек. Шойгу заявіў, што гэта неабходна «для гарантаванага рашэньня задач па забесьпячэньні ваеннай бясьпекі РФ». Акрамя таго, міністар прапанаваў павысіць узрост прызыву ў войска на тэрміновую службу з 18 да 21 году, а гранічны ўзрост прызыву да 30 гадоў.
- Мабілізацыя ў Расеі пачалася 21 верасьня. Міністар абароны РФ Сяргей Шойгу казаў, што для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне будуць мабілізаваныя да 300 тысяч чалавек.
- 31 кастрычніка Мінабароны паведаміла аб завяршэньні «мерапрыемстваў частковай мабілізацыі» і спыненьні выдачы павестак. Указ аб заканчэньні мабілізацыі Уладзімір Пуцін не падпісваў, патлумачыўшы гэта тым, што ён «параіўся з юрыстамі» і «такі дакумэнт не патрэбны». Праваабаронцы адзначалі, што адсутнасьць апублікаванага ўказу аб заканчэньні мабілізацыі дае Мінабароны права зноў пачаць мабілізацыю.