Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Мінінфарму, прычына — «парушэньне тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэньнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданьняў».
Выдавецтва «Кнігазбор» было зарэгістраванае ў 2006 годзе, дырэктар выдавецтва — Генадзь Вінярскі, галоўны рэдактар — Кастусь Цьвірка.
- У студзені 2021 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблякаваў рахунак выдавецтва, аднак ужо ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленьне пра магчымасьць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
- У кастрычніку 2022 году сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы», якія друкуюць кнігі на беларускай мове.
Міністэрства інфармацыі таксама паведаміла, што на тры месяцы прыпыняе дзейнасьць распаўсюдніка друкаваных выданьняў ТАА «ІМВБРБ». Гэтай кампаніі належыць інтэрнэт-крама wildberries.by.
«Гэтым таварыствам з абмежаванай адказнасьцю былі парушаны тэрміны звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленьнем аб зьмяненьні зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданьняў», — гаворыцца ў паведамленьні.