«Гэлаўіны ў дзяржаўных установах не праводзяцца, — сказала чыноўніца журналісту, які назваўся бацькам дзіцяці ў адной з гомельскіх школ. — У сувязі з тым, што ўсё ж такі праводзіліся Гэлаўіны, але не як грамадзкае, грандыёзнае мерапрыемства, праводзіць гэтыя „сьвяты“ не дазволена».
Адказнасьць за правядзеньне забароненых сьвятаў і выбар «правільных» дзіцячых касьцюмаў, паводле чыноўніцы, будзе ўскладзена на кіраўнікоў устаноў адукацыі.
Выданьне «Флагшток» правяло сваё расьсьледаваньне ў сувязі зь лістом аддзелу адукацыі Жлобінскага раёну, які быў апублікаваны ў сацсетках і ў якім паведамляецца, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны прыняць «вычарпальныя меры па недапушчэньні прапаганды правядзеньня мерапрыемстваў, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасьцям беларускага народу».