Выданьне «Медыязона» апавядае гісторыю ягоных уцёкаў. Беларуска-ўкраінскую мяжу ён перайшоў пешшу, амаль ня спаў і тапіў сьнег, каб папіць. І толькі на чацьвёрты дзень «падарожжа» ён сустрэў людзей.
43-гадовы Андрэй з Маларыты ў верасьні 2021 года зрабіў рэпост на сваёй старонцы ў фэйсбуку роліка блогера Максіма Шабуцкага аб міліцыянтах. Сьледзтва палічыла гэта абразай службовай асобы, Андрэя затрымалі на пяць дзён праз год. 29 лістапада 2022 году яму прысудзілі 2 гады «хіміі». Андрэй вырашыў уцячы з краіны — баяўся, што падчас адбываньня пакараньня зробяць больш жорсткім рэжым і хімію заменяць на калёнію.
«Рашэньне ўцякаць прыйшло спантанна, сабраўся недзе за пяць гадзін. Узяў запасныя чаравікі, апрануўся вельмі цёпла: у некалькі пластоў, чаргаваў сынтэтычнае адзеньне з натуральным. Узяў вады з сабой трохі, ежы. Калі вада скончылася, тапіў сьнег у бутэльцы», — расказаў Андрэй.
Пераходзіць мяжу Андрэй вырашыў не ў сваім Маларыцкім раёне, бо там, паводле яго, «пад кожным кустом сядзяць памежнікі». Выбраў больш багністую мясцовасьць у раёне Драгічына і Янава. Андрэй прызнаўся, што пераходзіць мяжу было вельмі страшна, але яшчэ больш не хацелася апынуцца ў турме. Беларускую мяжу ён перасек 30 лістапада, а да людзей ва Ўкраіне выйшаў толькі праз чатыры дні.
«Мала таго, што гэта балоты, там яшчэ і вельмі сур’ёзна ўсё абаронена — масты ўзарваныя, на дарогах міны, я ўсё гэта бачыў. На беларускім баку бачыў мядзьведжы бярлог, ва Ўкраіне дзік побач прабягаў».
«Высьвятлялі, што я не шпіён»
Спачатку Андрэй арыентаваўся па запампаванай загадзя мапе, але тэлефон сеў на другі дзень. Далей прыйшлося ісьці па памяці і арыентавацца па сьцежках.
Першыя дзьве ночы, паводле Андрэя, у дарозе ён адпачываў, але ня спаў. Бліжэй да трэцяй ночы ад стомленасьці зьявіліся галюцынацыі: галінкі дрэў складаліся ў карцінкі то цягнікі, то машыны. Начлег удалося зладзіць у альтанцы на ўкраінскім баку, на якую ён натрапіў. Каля альтанкі знайшліся дровы, мужчына расклаў вогнішча і здолеў сагрэцца.
На чацьвёрты дзень беларус выйшаў да возера, дзе сустрэў рыбакоў і папрасіў іх патэлефанаваць куды-небудзь і паведаміць пра яго.
«Яны нармальна мяне сустрэлі, я зь імі па-ўкраінску гаварыў, я ж з такога рэгіёну, што мову ведаю», — растлумачыў ён.
Рыбакі патэлефанавалі памежнікам, абагрэлі яго, накармілі і напаілі гарбатай. Пазьней яго забралі байцы тэраабароны і перадалі памежнікам. Тыя адвезьлі яго ў Луцк, дзе ён трапіў на праверку ў СБУ.
«Праверка працягвалася гадзіны чатыры, можа пяць, з паліграфам. Пыталіся пра ўсё: ці былі кантакты з беларускімі спэцслужбамі, з расейскімі і гэтак далей. Ім жа галоўнае было высьветліць, што я не шпіён».
Пасьля праверкі Андрэю далі даведку, якая пацьвярджае, што ён запрасіў статус уцекача і знаходзіцца ва Ўкраіне легальна. Беларуса адпусьцілі і ён паехаў у Львоў. Ужо ў Львове Андрэй змог адпачыць і нармальна паспаць. З начлегам і забесьпячэньнем яму дапамагаюць беларусы з дыяспары і фонд «Вільна Білорусь».
Андрэй спадзяецца атрымаць візу і зьехаць у польскі горад Гданьск. Кажа, што там ёсьць ягоныя аднапартыйцы зь Беларускай народнай грамады, якія могуць дапамагчы з працай і адаптацыяй у Польшчы. У Беларусі ў яго засталіся дзьве дачкі і каханая жанчына.