Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ацанілі словы Пуціна пра «паглынаньне» Беларусі і паабяцалі прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці


Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Нэд Прайс
Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Нэд Прайс

ЗША разгледзяць пытаньне аб дадатковых захадах у адносінах да ўладаў Беларусі, калі рэжым Лукашэнкі пойдзе яшчэ далей у падтрымцы Крамля ў вайне супраць Украіны.

З такой заявай выступіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс на брыфінгу ў панядзелак, камэнтуючы сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.

Прайса папрасілі ацаніць заяву Ўладзіміра Пуціна аб тым, што Расея «нікога не зьбіраецца паглынаць», зробленую ў Менску 19 сьнежня.

«Я думаю, такую заяву трэба расцэньваць як „верх іроніі“ з боку Пуціна, улічваючы тое, што гэта кажа лідэр дзяржавы, які проста ў гэты момант спрабуе гвалтоўна паглынуць другога яго мірнага суседа, — адзначыў Прайс. — Мы чулі такія заявы ад Пуціна і ў першыя дні цяперашняга канфлікту, і ў папярэднія тыдні. І мы бачылі, як рэжым Лукашэнкі здае свой сувэрэнітэт і незалежнасьць, бачылі расейскія войскі там, дзе павінна быць сувэрэнная беларуская тэрыторыя, мы бачылі атакі з гэтай тэрыторыі. І цяпер мы чуем гэтыя камэнтары ад Пуціна і Лукашэнкі... Я думаю, што іхныя дзеяньні гавораць нашмат больш, чым любыя іх словы».

Прайс падкрэсьліў, што ЗША ўважліва адсочваюць, якую вайскова-тэхнічную падтрымку Беларусь аказвае Расеі ў вайне, і будуць працягваць трымаць гэта пад пільным наглядам.

«Гэта дазваляе нам ясна бачыць узровень каапэрацыі паміж рэжымам Лукашэнкі і Крамлём. Гэта і ёсьць прычына таго, чаму рэжым Лукашэнкі цяпер пад санкцыямі. Мы разгледзім дадатковыя захады, з дапамогай якіх можна прымусіць Беларусь несьці адказнасьць, калі яна працягне супрацоўнічаць з Крамлём у гэтай жорсткай вайне, — заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту.

«Мы працягнем назіраць вельмі ўважліва, незалежна ад таго, што кажуць Пуцін альбо Лукашэнка. Пуцін мае магчымасьць выкарыстоўваць Беларусь як пляцдарм у яго вайне супраць Украіны, уводзячы адтуль войска, наносячы адтуль удары па Ўкраіне. Ці акажа Беларусь яшчэ большую падтрымку Расіі ў вайне? Гэта тое пытаньне, якое мы трымаем пад пільнай увагай. І калі мы ўбачым, што гэта можа адбыцца, мы будзем адказваць адпаведна і прымаць дадатковыя захады, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за яго саўдзел у пуцінскай вайне супраць Украіны», — заявіў прадстаўнік ЗША.

Ацанілі перамовы Лукашэнкі з Пуціным і ў Белым доме.

ЗША ўважліва сочаць за ўзаемадзеяньнем Масквы і Менска ў вайне Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, у тым ліку за разьмяшчэньнем расейскіх сіл на беларускай тэрыторыі, заявіла ў панядзелак прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан П'ер, адказваючы на просьбу пракамэнтаваць візыт Пуціна ў Менск, паведамляе Укрінфарм.

«Мы даўно занепакоеныя роляй Беларусі ў расейскай агрэсіі», — заявіла прадстаўніца Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША.

Яна падкрэсьліла, што рэжым у Менску дазволіў Крамлю весьці вайну супраць Украіны са сваёй тэрыторыі, якую РФ выкарыстоўвае як пляцдарм для сваіх войскаў.

«Мы працягваем уважліва сачыць за сілавой стратэгіяй Расеі. Гэта тое, што мы рабілі і будзем рабіць, у тым ліку ў Беларусі», — адзначыла прэс-сакратарка Белага дома.

19 сьнежня прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін упершыню за тры гады прыбыў у Менск для ўдзелу ў перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам у фармаце сам-насам, а таксама ў больш шырокім складзе з удзелам афіцыйных асоб абедзьвюх краін. У Менск таксама прыбылі міністар абароны Расіі Сяргей Шайгу і міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расіі Дзьмітрый Пяскоў 19 сьнежня заявіў, што паведамленьні аб тым, што Ўладзімір Пуцін нібыта едзе ў Менск, каб прымусіць Беларусь удзельнічаць у вайне ва Ўкраіне, трэба разглядаць як «беспадстаўныя выдумкі». Сам Пуцін назваў перамовы ў Менску «вельмі карыснымі і своечасовымі». У сваю чаргу Лукашэнка заявіў, што цяпер вызначаецца будучыня беларускага і расейскага народаў.

Цяпер Беларусь не зьяўляецца непасрэднай удзельніцай поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, але аказвае матэрыяльна-тэхнічную падтрымку расейскаму ўварваньню. У прыватнасьці, улады Беларусі даюць расейскім войскам доступ на тэрыторыю Беларусі, адкуль расейскія войскі зьдзяйсьняюць бамбаваньні ўкраінскіх гарадоў, а таксама ракетныя пускі па тэрыторыі Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG