Як паведаміла «Хрысьціянская візія», 19 сьнежня праваслаўнага сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе.
Багамольнікава затрымалі 31 жніўня. Ён правёў на Акрэсьціна сем адміністрацыйных арыштаў запар. Вядома, што за кратамі Ўладзіслаў трымаў галадоўку і перахварэў на ковід.
На пачатку сьнежня паведамлялася, што яго затрымалі паводле артыкула 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), 10 апошніх дзён ён адбыў у СІЗА № 1 Менску. Сёньня скончыліся 10 дзён з моманту затрыманьня ў якасьці падазраванага.
Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыходу храма Богаяўленьня ў Менску, загадчык Царкоўна-гістарычнага музэю Беларускай праваслаўнай царквы, сябра эпархіяльнага суду Менскай япархіі, выкладчык Менскай духоўнай акадэміі. Гэты сьвятар вядомы як прыхільнік перамен у Беларусі.
Ён галадаваў у падтрымку палітвязьня, журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а на «плошчы Перамен» у Менску адпраўляў літыю па забітым мастаку Раману Бандарэнку. Акрамя таго, сьвятар дапамагаў украінскім уцекачам, на гэтай падставе прапаганда разгарнула супраць яго ганеньне нібыта за збор сродкаў для Ўзброеных сіл Украіны.
Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Ўладзіслаў Багамольнікаў быў сярод праваслаўных сьвятароў, якія выступілі са зваротам супраць вайны.
Праваабаронцы прызналі Ўладзіслава Багамольнікава палітвязьнем.