«Купалаўцы» завершаць год прэм’ерай паводле рамана «Сфагнум» Віктара Марціновіча ў беларускім перакладзе Віталя Рыжкова.
«Праца дапамагае нам быць бліжэй адно да аднаго, адчуваць глядацкую падтрымку, разганяе цемру і дорыць надзею на выхад з адвечнай багны. Ці нават на саму пераацэнку гэтай зьявы. У гэтым сьнежні мы зацягнем вас у наша балота», — адзначаюць удзельнікі спэктаклю «Сфагнум», які адбудзецца 22 сьнежня а 19:00 у Варшаве, на гасьціннай сцэне Przodownik @Teatr Dramatyczny.
Тыя, хто ня змогуць прыйсьці ў тэатар на прэ’меру, змогуць паглядзець онлайн-трансляцыю спэктакля на YouTube-канале.
«Што значыць сфагнум? Сфагнум — гэта балотная расьліна, тарфяны мох. Як кажа адзін з герояў п’есы: „Тут зь яго ўсё, паглядзіце пад ногі: купіны — жывы сфагнум, торф — перагнілы сфагнум. Партызаны сухі сфагнум бралі замест бінтоў і ваты. А людзі мясцовыя, калі хаты будуюць, сфагнум між бярвёнаў кладуць, каб цёпла было. А яшчэ ён гарыць добра. Сфагнум — лекі, сфагнум — паветра, сфагнум — агонь, сфагнум — вада, сфагнум — зямля пад нагамі. Уся краіна — сфагнум“.
А што адбываецца на гэтым балоце? Трое маладых людзей, можна сказаць, „злачынцаў-пачаткоўцаў“, правальваюць першую сур’ёзную справу, даручаную ім бандай. Яны губляюць грошы і вырашаюць схавацца ў аддаленай беларускай вёсачцы. Аднак вёска не такая простая і тут жывуць зусім не такія простыя людзі..», — гаворыцца ў анонсе спэктакля.
- Рэжысэр, аўтар інсцэніроўкі — Аляксандар Гарцуеў
- Сцэнаграфія, касьцюмы — Аляксандра Канарска
- Мастачка па сьвятле — Моніка Сідар
- Памочнік рэжысэра — Пётар Непагода
Ролі выконваюць: Сяргей Чуб, Мікалай Стонька, Аляксандар Зелянко, Аляксандар Казела, Алег Гарбуз, Міхась Зуй, Зоя Белахвосьцік, Аляксандр Гарцуеў, Валянціна Гарцуева, Кацярына Яворская, Ігар Сігоў.
У спэктаклі выкарыстана музыка Міхала Клеафаса Агінскага, Антоніё Вівальдзі, Жана-Марка Біркгольца, Aляксандра Зелянко, Дзьмітрыя Фрыгі.