Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой кліп „Баю-бай“ паглядзелі ўсе мянты». Вялікая размова зь лідэрам «Дай дарогу!» Юрыем Стыльскім


Юры Стыльскі
Юры Стыльскі

Пагаварылі зь лідэрам гурту «Дай дарогу!» Юрыем Стыльскім, які пакуль не шкадуе, што зьехаў: у Варшаве піша новыя песьні, вучыць дзетак музыцы. Але калі прыляціць «Бусел», абавязкова вернецца ў Беларусь. І стане мэрам Берасьця, праўда, не надоўга.

«Я ня стаў чакаць, калі кліп „Баю-бай“ прызнаюць экстрэмісцкім»

— Чаму вы выехалі зь Беларусі? Нейкія «званочкі» былі? Наколькі я разумею, вам «намякнулі» і далі магчымасьць выехаць.

— Ды наагул паўсюль былі не званочкі, а зьвінелі ў званы, набат — суцэльны звон стаяў. Я не кажу пра сябе — я пра атмасфэру ў краіне, калі ўсіх запар хапалі і саджалі за краты. І тут я з такім «экстрэмісцкім» кліпам. Гэта было чакана, што мяне прыцягнуць да адказнасьці.

Была такая працэдура: да суду азнаёміцца са справай. Я хадзіў у суд, каб даведацца, што яны там напісалі. А што тычыцца самога суду, мне патэлефанавалі і сказалі, што я сам магу не прысутнічаць. Я вельмі зьдзівіўся. Мне далі нейкі калідор: маўляў, калі хочаш ехаць — едзь.

Ну а суд спаслаўся на камісію, каб гэта была не «адсябечына». У камісіі 8 чалавек: гісторыкі, філёлягі, мастацтвазнаўцы, якія разглядалі кліп. У справе было напісана, што «відэаролік дыскрэдытуе сілавыя структуры», нібыта «ў кліпе яны бязьлітасна забіваюць мірных людзей».

Я ня стаў чакаць, калі кліп «Баю-бай» прызнаюць экстрэмісцкім (кліп на песню «Баю-бай» гурт «Дай Дарогу!» прэзэнтаваў незадоўга да падзей жніўня 2020 году, ён фактычна прадказаў наступную жорсткасьць сілавікоў. — РС). Тым больш вынесьлі вэрдыкт: гэта ня проста экстрэмізм, а распальваньне сацыяльнай варожасьці — артыкул 130 Крымінальнага кодэксу і «пяцёрачка» (да пяці гадоў пазбаўленьня волі. — РС). І я на ўсялякі выпадак вырашыў збоку паглядзець, як усё будзе адбывацца: мне здавалася, што за кулісамі бясьпечней.

Юры Стыльскі падчас выступу на канцэрце Лявона Вольскага ў Варшаве 15 сьнежня 2022
Юры Стыльскі падчас выступу на канцэрце Лявона Вольскага ў Варшаве 15 сьнежня 2022

«Калі б у „Баю-бай“ былі іншыя словы, магчыма, і падзеі разгарнуліся б па-іншаму»

— Але кліп стаў надзвычай папулярным. Кажуць, усе міліцыянты, сілавікі яго глядзелі.

— Так, кліп жа паглядзелі ўсе мянты. Ня ведаю, як папулярызацыя адбывалася. Але ён цікавы, забаўны — такая прыстойная дыплёмная праца. Ён няпросты, востры, з крывёю: мы нават крыху недаціснулі, можна сказаць, бо ў рэчаіснасьці была наагул жэсьць. Мы яшчэ мякка ўсё паказалі.

Хаця тады мне здалося, што мы крыху перабольшылі (калі паехалі малацілкі). А цяпер думаю, мы як у ваду глядзелі: гэта ж рэчаіснасьць! Быў такі момант у кліпе, калі па полі паехалі аўтазакі і людзі ўцякалі. А потым — ні фіга сабе: наш пазл склаўся, падзеі паўтарыліся. І легендарную Ніну Багінскую мы туды «ўпаялі».

Але «Баю-бай» крыху сумная песьня. Калі я яе пісаў, я не задумваўся, што апошнія радкі такія пэсымістычныя:

Ты кахаеш родны край? Ну тады і адграбай.

Калі міл шаноўны кут, пракуроры цябе ждуць.

Эй, сьвядомы, запявай калыханку: «Баю-бай».

Пэсымістычны, нэгатыўны прыпеў. Калі б там былі іншыя словы, магчыма, і падзеі разгарнуліся б па-іншаму.

Так што, калі вынесьлі рашэньне суду, я ўжо быў у Адэсе. Вырашыў, што пакуль вяртацца ня варта, пагуляю, правяду аксамітны сэзон на моры.

Нейкі час я прабыў у Адэсе, потым паехаў у Львоў. Падаў дакумэнты на ПМЖ ва Ўкраіне. Хаця падумваў паехаць у Эўропу, тым больш што меў «карту паляка». Я яе атрымаў гадоў 10 таму — у мяне бацька паляк па нацыянальнасьці.

Але вайна застала мяне ў Львове. Я нічога не зразумеў спачатку. І паехаў у Польшчу.

Юры Стыльскі, Варшава, 15 сьнежня 2022
Юры Стыльскі, Варшава, 15 сьнежня 2022

«Часам хочацца вярнуцца, але ў свабодную Беларусь. А пакуль там нейкае гета»

— Не шкадуеце, што апынуліся ў Польшчы? Вам тут камфортна? Настальгія не агортвае?

— Там у мяне мама. Там у мяне сябры. Я там адбыўся як асоба, як музыка. Там да мяне павага. Я там у статусе — пачэсным і самавітым. А тут я нікога ня ведаю і мяне ніхто ня ведае. Вось у мяне песьні пра жытуху-бытавуху, пра палітыку — іх разумее толькі наш народ, беларусы. Магчыма, перабудуюся, навучуся, але гэта цяжка. Можна сьпяваць пра каханьне, пра кветачкі, але не атрымліваецца, калі палова краіны сядзіць.

Часам вельмі хочацца вярнуцца, але ў свабодную дэмакратычную Беларусь. Каб там можна было вольна дыхаць. А пакуль там нейкае гета.

Насамрэч у Беларусі зараз няма чаго рабіць. Я не шкадую, што зьехаў. Я раблю высновы з расповедаў маіх сяброў, знаёмых. Там усё сьцёрта. Людзі выходзяць у цэнтар, у кавярні, каб бухнуць. Да таго ж цяпер усе напалоханыя магчымай мабілізацыяй.

Сёньня ў Беларусі проста страшна жыць. Нават у больш-менш вольны час сябе было цяжка рэалізаваць як музыку. Ты таленавіты — ну і што? Калі ў чалавека сапраўдны моцны талент, трэба было зьяжджаць — альбо ў Маскву, альбо ў Эўропу. Альбо пашанцуе, як Максу Коржу, які стаў такім самародкам. Але гэта выключэньне, адзін чалавек.

Юры Стыльскі падчас выступу на канцэрце Лявона Вольскага ў Варшаве 15 сьнежня 2022
Юры Стыльскі падчас выступу на канцэрце Лявона Вольскага ў Варшаве 15 сьнежня 2022

— А Макс Корж сапраўды самародак?

— Так, натуральна. Такая выпадковасьць. Гэта нават не абмяркоўваецца — ну калі ён можа стадыёны зьбіраць.

А так, калі ты сканчаеш кансэрваторыю, вяршыня музычнай кар’еры — граць у Прэзыдэнцкім аркестры за 1000 рублёў заробку. Альбо выкладчыкам працаваць. Альбо на пешаходнай вуліцы Савецкай піліць на скрыпцы. Альбо граць на вясельлях і карпаратывах. А цяпер я наагул не ўяўляю, якія пэрспэктывы ў музыканта ў Беларусі.

У нас там няма канцэртаў. Магчыма, былі б нейкія карпаратывы, але незразумела: маглі б да ГУБАЗіКу прыехаць.

Юры Стыльскі падчас выступу на канцэрце Лявона Вольскага ў Варшаве 15 сьнежня 2022
Юры Стыльскі падчас выступу на канцэрце Лявона Вольскага ў Варшаве 15 сьнежня 2022

— А паехалі б, калі б ГУБАЗіК і Карпянкоў запрасілі?

— Не. Сьмешна, вядома, гучыць...

— Але мне здаецца, вашы песьні яны раней любілі.

— Магчыма. Мне «рэспэктавалі» многія міліцыянты ў Берасьці, ім падабаецца мая творчасьць. Я сьцёбна сьпяваю, адкрыта, нікога не «абсіраю» з ног да галавы. Сьпяваю агулам пра сытуацыю. Гэта прышпільна, гэта цікава. Часам мяне сустракалі на вуліцы і казалі: «Клясныя песьні», тая ж «Баю-бай».

«Людзям надакучыла, што іх падманваюць, проста тупа дураць! Таму і выйшлі»

— Але ж Стыльскі нібыта ніколі не цікавіўся палітыкай. Як вы самі прызналіся, вы «сьцёбна, адкрыта» сьпяваеце. А тут проста выбухнулі «Буслам» і «Баю-бай»! Што адбылося?

— Так, палітыкай раней я асабліва не цікавіўся. Я сам не хадзіў на выбары, жыў у нейкім іншым вымярэньні. Ну і накіпела! Сапраўды, за столькі часу людзі ачунялі, дый інтэрнэт дапамог, блогеры. Заклікалі: давайце будзем разам. Падагравала тое, што адбывалася несправядлівасьць: спачатку нібыта дапусьцілі кандыдатаў, потым іх прыбралі, пачаўся непрыкрыты падман, таму народ абурыўся. Людзям проста надакучыла, што іх падманваюць, проста тупа дураць! Таму і выйшлі. А калі ўвесь народ ускалыхнуўся, ну і я разам зь імі — мне стала цікава. Калі адбылася правакацыя зь Ціханоўскім, потым Бабарыку пасадзілі, мяне гэта аж «перакасіла»: як так, калі такое свавольства разгортваецца?

Юры Стыльскі
Юры Стыльскі

«За мяне заступіўся мэр Берасьця Аляксандар Рагачук. Загадаў, каб мяне выпусьцілі»

— За што вас узялі летам 2020? Колькі вы адседзелі, у якіх умовах?

— Калі ў Берасьці народ пачаў выходзіць, я таксама пайшоў пагуляць па Савецкай, вырашыў дайсьці да плошчы Леніна, сустрэў там аднадумцаў, мы разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг. Хадзілі зь ім па горадзе, нас ня бралі, хаця вакол мянтоў было поўна...

Увечары я прыйшоў дадому, а мяне там ужо чакалі. Пасадзілі на «суткі». Але мяне вельмі хутка адпусьцілі — маўляў, за мяне заступіўся мэр Берасьця Аляксандар Рагачук. Ён загадаў, каб мяне выпусьцілі. Бо людзі выходзілі на плошчу з плякатамі «Свабоду Стыльскаму!» Мяне хутка выпусьцілі і папярэдзілі, каб я нідзе не зьяўляўся. Але да мяне не дайшло. Я зноў выйшаў. Мяне яшчэ раз пасадзілі.

Але адседка ў Берасьці ў той час — гэта не параўнальна з Акрэсьціна. Быў яшчэ амаль мірны час. Не было шторму, жорсткасьці. Хаця і ў Берасьці ў самыя першыя дні загналі ў спартовую залю 300 чалавек, жорстка білі, нявечылі людзей па поўнай праграме. У тым ліку і маіх сяброў. А потым была адліга, зацішша і нібыта замірэньне — мабыць, сілавікі зразумелі, што яны перастараліся.

Калі мяне пасадзілі другі раз, дазваляліся перадачы. Я зайшоў у камэру, а ў іх там «салодкі стол»: цукеркі, печыва. Зьдзівіўся: нішто сабе! Запытаўся, ці можна мне душ прыняць? Там былі адэкватныя ахоўнікі: душ дазволілі! Мне пашанцавала, я проста трапіў у спрыяльны пэрыяд.

У нас на мітынг 16 жніўня 2020 года мэр Аляксандар Рагачук выходзіў. Народ крычаў спачатку: «Выходзь!», потым «Сыходзь!».

— А вы знаёмыя з мэрам?

— Крыху знаёмы. Я да яго прыходзіў, трэба было нейкі дазвол атрымаць. Аказалася, ён сам мэляман, любіць музыку, творчасьць. Нармальны мужык. Ён шмат зрабіў для горада.

Імпрэза да Дня Беларускай вайсковай славы ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Юры Стыльскі. 8 верасьня 2022 году
Імпрэза да Дня Беларускай вайсковай славы ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Юры Стыльскі. 8 верасьня 2022 году

«Сілавікам убівалі ў галовы, што ўсе пратэстоўцы праплачаныя „лялькаводамі“ і толькі Рыгоравіч ратуе краіну»

— А чаму вы сталі хадзіць на суды? Вы прамовілі такую фразу: «Я згодны ня граць канцэртаў, абы не было гэтых судоў». Чым гэтыя суды вас вабілі?

— Ну а як інакш? Я гатовы быў шмат чым ахвяраваць, каб спыніць гэта вар’яцтва, увесь той дурдом. Тады суды былі яшчэ адкрытыя. Гэта цяпер яны спрэс закрытыя. На першых судах прысутнічаў тэлеканал «Белсат», з камэрамі.

Я ніколі да гэтага на судах ня быў, не ўяўляў, што гэта такое. Быў у шоку, бо многія гісторыі былі з пальца высмактаныя. Мне спачатку было вельмі цікава — у суд як у цырк схадзіць. Але калі задумаесься, што там вырашаецца лёс людзей, якія тэрміны ім даюць! Я пасьля судоў быў як выціснуты лімон — нібыта гэта са мной адбылося, я так перажываў! Цішком здымаў відэа. А потым усё мацней і мацней закручвалася ўсё: здымаць забаронена, пачалі ўжо закрываць пэўныя працэсы.

— І хоць вы кажаце, што на судах першы раз былі, але неяк усё ж вы сутыкаліся раней з так званымі праваахоўнымі органамі, сілавікамі. Ці маглі вы ўявіць, што можа дайсьці да такога процістаяньня, нават супраціву? Што ў галовах тых амапаўцаў? Калі пачаліся такія жорсткія разгоны, людзі ня верылі, што з другога боку таксама беларусы. Маўляў, прывезьлі расейцаў, бо свае ня могуць так жорстка дзейнічаць.

— Я без паняцьця. Магу тэарэтычна сабе ўявіць, як іх апрацоўвалі, як іх да гэтага рыхтавалі: сілавікам убівалі ў галовы, што ўсе пратэстоўцы праплачаныя «лялькаводамі» і толькі Рыгоравіч ратуе краіну, таму нязгодных трэба жорстка пакараць, каб яны другі раз ужо ня выйшлі...

Усё ў духу Карпянкова. Ёсьць жа відэазапіс, дзе ён сказаў: «Лупіце па яйцах, адбівайце мозг, і вам за гэта нічога ня будзе». Нармальныя людзі туды ж не ідуць. Кажуць, каб трапіць у АМАП, пры праходжаньні мэдкамісіі ўжо не абавязкова псыхіятра праходзіць. Ну і расейцы былі. Плюс яшчэ сілавікоў перакідвалі з горада ў горад, каб не «сьвяціліся» перад знаёмымі і пазьбеглі народнай ганьбы. Ну і ўсялякія запалохваньні: добраахвотна звольніцца немагчыма, прывязваюць крэдытамі, нейкімі «плюшкамі».

Юры Стыльскі, здымкі з канцэрту Лявона Вольскага ў Варшаве, 15 сьнежня 2022
Юры Стыльскі, здымкі з канцэрту Лявона Вольскага ў Варшаве, 15 сьнежня 2022

— Яшчэ ў 2021 годзе вы былі больш-менш аптымістычна настроены. І што цяпер?

— Лягічна, што ў Беларусі ня можа ўсё гэта існаваць доўга. Гэта насупраць прыродзе, здароваму сэнсу, да таго ж гэта ўсё адбываецца ў цэнтры Эўропы. Так, усе беларусы чагосьці чакаюць: выпадковасьці, бусла (адсылка да песьні Стыльскага «Бусел», дзе гэтая птушка рэзка зьмяніла ход беларускіх падзей. — РС), калі Ўкраіна пераможа, «прасядзе» Расея і Пуцін...

Калі б я быў у Беларусі, у мяне дакладна быў бы дэпрэсіўны стан. А знаходзячыся ў Польшчы, я паглыбіўся ў нейкую творчасьць, працу, таксама выкладаю музыку.

«Я дагэтуль ня ведаю, што такое сальфэджыё і ноты. Я прыдумляю сваю музыку»

— Тым ня менш Стыльскі ў Беларусі — гэта зорка. Вы зьбіралі вялікія залі, былі карпаратывы. А тут хто вы? Нядаўна я размаўляла з вашым калегам, музыкам Уладзімерам Пугачам, які таксама выехаў зь Беларусі. Дык вось ён сказаў: «Я прыехаў сюды за сваім слухачом», бо ў Беларусі ўсе канцэрты забаранілі. Вы таксама паехалі за сваімі слухачамі?

— Шмат беларусаў прыехалі ў Польшчу, тут ёсьць нейкае кам’юніці, слухачы, якія цябе цэняць, якія хочуць слухаць беларускіх выканаўцаў, слухаць сваё. Вось і атрымліваецца, што ўсе тут.

Пачаў я з сольных канцэртаў. Бо калектыў застаўся ў Беларусі. Я нікога не асуджаю, у кожнага свой шлях. Але я знайшоў клясных музыкаў, зь якімі арганізавалі гурт. Спадзяюся, у наступным годзе пачнём зь нейкай сваёй праграмай выступаць.

Вядома, публіка тут абмежаваная. Ну зладзіў я канцэрт, а што далей? Калі праз тры месяцы беларусаў не наедзе яшчэ, будзе паўза.

— Я ведаю, што вы займаецеся ў Варшаве зь дзецьмі. Вучыце іх на гітары граць?

— У мяне і раней была такая практыка. Я разумею, як дзіцяці прывіць любоў да музыкі, як зрабіць, каб яму было цікава. Натуральна, калі ў яго самога ёсьць жаданьне. Калі гэтага хочуць бацькі, а дзіцяці не цікава, калі ў яго няма жаданьня і, галоўнае, няма таленту, няма музычнага слыху, пачуцьця рытму, я адразу кажу, што няхай лепш дзіця не марнуе часу. Няхай бацькі яго аддадуць на курсы замежнай мовы. І ён у іншай сфэры праявіцца як асоба.

Але ёсьць дзеткі, у якіх сапраўды ёсьць прыродны талент, да таго ж ёсьць жаданьне. Вось з такі дзецьмі я вельмі люблю займацца. У мяне вучацца 15 дзяцей ад 7 да 15 гадоў, зь Беларусі і Ўкраіны.

— Па якой праграме вы займаецеся? Як у музычнай школе: спэцыяльнасьць, сальфэджыё, тэорыя музыкі, музычная літаратура?

— Не, мне гэта няважна. Я дагэтуль ня ведаю, што такое сальфэджыё і ноты.

— Ня можа быць. А як вы тлумачыце музыкам, дзецям, што граць?

— Сур’ёзна. Я ведаю акорды. Дзяжурныя.

— Але ня тры акорды, спадзяюся?

— Так, больш за тры. Ноты патрэбны, калі ты граеш з аркестрам. Калі табе трэба зразумець і за 5 хвілін кампазыцыю сыграць. Калі кавэр-бэнд грае, яму даюць гатовыя ноты. А паколькі я прыдумляю сваю музыку, мне ня трэба нічога чужога, у мяне «дваровая» школа.

Я вельмі цаню музычныя густы дзіцяці, цікаўлюся, чым яно дыхае, чым захапляецца, які стыль падабаецца, якія ў яго куміры. І я прапаную дзіцяці граць, што ім падабаецца, што яны слухаюць у сваім падлеткавым жыцьці. Вось дзіця кажа, што яму падабаецца «Зязюля» Цоя, Зэмфіра альбо «Кароль і блазан», я проста падбіраю кампазыцыі для кожнага асобна зь ягоных улюбёных песень. І дзяцей гэта заводзіць! Калі я бачу, што іскры з вачэй, я не прапаную яму гамы граць. Калі дзіця цікавіцца, я магу яму і асаблівасьці сола на гітары паказаць. Але пакуль, каб яно палюбіла інструмэнт, трэба знайсьці струну, чым дзіця захапляецца, і ўсё!

Юры Стыльскі падчас мітынгу ў Берасьці 15 жніўня
Юры Стыльскі падчас мітынгу ў Берасьці 15 жніўня

«У выяўленчым мастацтве ў мяне такая ж „дваровая“ школа, як і ў музыцы»

— А дзе ваша знакамітая калекцыя карцін?

— Новая — тут. За 9 месяцаў, калі я знаходжуся ў Польшчы, я намаляваў каля 20 карцін.

— Гэта таксама жанчыны ў стылі «ню», як і ў берасьцейскай калекцыі?

— Не, гэта мае перажываньні, эмоцыі, пачуцьці — усё бел-чырвона-белае альбо ў жоўта-блакітных колерах. Памер — 65 на 90 сантымэтраў. А што да берасьцейскай калекцыі, ва ўсіх маіх сяброў па адной карціне вісіць...

— А праўда, што вы наагул не вучыліся маляваць, як і не вучыліся музыцы? Што вы самавук: таленавіты чалавек, таленавіты ва ўсім?

— Мне б, вядома, не перашкодзіла пачарпнуць нейкіх акадэмічных прыёмаў і ведаў. Таму што, калі мне кажуць, што трэба цяплейшы колер ці халаднейшы, я не разумею.

У выяўленчым мастацтве ў мяне такая ж «дваровая» школа, як і ў музыцы — я проста сяджу і сваёй упартасьцю выбіваю з каменя, каб атрымаўся самацьвет. У дзяцінстве вельмі шмат маляваў на ўроках, потым змалёўваў нейкія плякаты — мне было цікава. Пазьней былі знаёмствы з мастакамі, зацікавіўся мастацтвам. Мне стаў цікавы жывапіс, удзельнічаў у выставах.

Ну і калі пішаш карціну — «упадаеш» у нейкую прастрацыю, крыху мэдытуеш. Мне гэта падабаецца. Калі мне патлумачылі прафэсійныя мастакі, што трэба алеем маляваць, а ня нейкай «сьнежкай», якой столь фарбуюць, я зразумеў, як гэта цікава: алей — ён жывы. У ім ёсьць штосьці магічнае. Тым больш што тут гэта ня вельмі дорага, у Беларусі ўтрая даражэй. А палотны ўжо нацягнутыя на падрамнік, толькі малюй. Каб я тут нарадзіўся, у мяне ўжо б галерэя была ці цэлы стадыён.

«„Бусла“ цяжка пераплюнуць — гэта найлепшая песьня ў сьвеце! А „Экстрэміст“ будзе наагул агонь»

— А тут, у Польшчы, ці пішаце песьні?

— Пішу. Неўзабаве выпушчу такую «гімнападобную» кампазыцыю — мы яе запісалі разам з «Вольным хорам». Зробім кліп, падбяром відэарад. Плюс яшчэ песьню, падобную да «Бусла», напісаў. «БЧБ-Беларусь» і «Экстрэміст» рабочыя назвы. «Бусла», вядома, цяжка пераплюнуць — гэта найлепшая песьня ў сьвеце! А «Экстрэміст» будзе наагул агонь.

Спадзяюся, пасьпею да Новага году прэзэнтаваць некалькі песень. На падыходзе яшчэ трэцяя песьня — трэба сабрацца зь сіламі. Я працую, я творчы чалавек. І самае прыемнае — запатрабаваны.

— А калі ў Беларусі адбудуцца перамены, вернецеся?

— Вядома! Калі адбудуцца перамены, я стану мэрам Берасьця. Не надоўга, праўда.

— А што зробіце ў першую чаргу?

— Трэба падумаць, сур’ёзнае пытаньне. У першую чаргу, напэўна, пакараю ўсіх вінаватых. Усіх мянтоў. І трэба знайсьці сумленных мянтоў.

— Ой любіце вы мянтоў, столькі пра іх пісалі, кшталту «Нет на вас ментов. Нікакой управы». А дзе іх, сумленных, узяць?

— Назьбіраем. Вернуцца, хто зьехаў. А колькі звольнілася! Іх вернем. У сыстэме зараз ёсьць нармальныя людзі, проста яны запалоханыя, маўляў, «А што я зраблю?» Мне шкада такіх людзей, яны душу сваю прадаюць. Гэта вельмі крыўдна.

— Значыць, верыце, што калі прыляціць «бусел», будуць ехаць эшалёны зь беларусамі назад на ўсход, будуць заторы на трасе ў Беларусь?

— Безумоўна, у Беларусь паедуць усе! Нават тыя, хто да Амэрыкі дабраўся. Тым больш Беларусь у такой добрай геалякацыі знаходзіцца. Усё ў нас атрымаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG