За мінулыя суткі краіны Эўрапейскага зьвязу не дазволілі 72 мігрантам нелегальна трапіць на сваю тэрыторыю зь Беларусі, паведамляе BPN.
Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі з боку Беларусі мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу 38 чалавек, у тым ліку грамадзяне Індыі і Таджыкістану.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 17 сьнежня на літоўска-беларускай не зафіксавалі ніводнай спробы пранікненьня. Са студзеня зафіксавалі 11.090 спробаў нелегальнага пераходу мяжы.
Літоўскае ведамства са спасылкай на калег з Дзяржаўнай пагранічнай аховы Латвіі таксама адзначыла, што ў папярэдні дзень задакумэнтаваны 34 спробы незаконнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы.
Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся ўвесну 2021 году. Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.