Матч скончыўся зь лікам 2:1, усе галы былі забітыя ў першым тайме. У харватаў забілі абаронца «РБ Ляйпцыг» Ёшка Гвардыёл і паўабаронца заграбскага «Дынама» Міслаў Оршыч, у Марока — абаронца францускага «Брэста» Ашраф Дары.
У 2018 годзе на чэмпіянаце сьвету ў Расеі Харватыя заняла другое месца, прайграўшы камандзе Францыі. Вынікі 2018 і 2022 году — найлепшыя ў 32-гадовай гісторыі зборнай.
Фінал турніру заплянаваны на 19 сьнежня. У ім дзейны чэмпіён сьвету Францыя сустрэнецца са зборнай Аргентыны.
- Чэмпіянаты сьвету ў футболе звычайна праходзяць улетку. Гэты турнір быў перанесены на сьнежань з прычыны таго, што ў Катары ў летнія месяцы вельмі горача.
- Выбар Катару для правядзеньня турніру выклікаў крытыку ў шэрагу футбольных фэдэрацый і праваабарончых арганізацый. Улады краіны крытыкуюцца за парушэньні правоў ЛГБТ. Заканадаўства дапускае сьмяротнае пакараньне для геяў праз каменяваньне. Amnesty International паведамляла, што за час будаўніцтва аб’ектаў да чэмпіянату сьвету ў краіне загінулі ад 6 да 15 тысяч замежных працоўных (улады гэта адмаўляюць).