Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі затрымалі яшчэ адну групу мігрантаў, якія прыбылі зь Беларусі


Мігранты ў Менску. 26 лістапада ў 2021
Мігранты ў Менску. 26 лістапада ў 2021

Мігранты, пераважна грамадзяне Ірану, хацелі праз Беларусь і Ўкраіну трапіць у Польшчу.

Як вынікае з судовага рашэньня, апублікаванага ў Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны, групу іншаземцаў затрымалі 14 сьнежня ў Валынскай вобласьці за 100 мэтраў ад лініі ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю і за 5 мэтраў да мяжы з Польшчай.

Дакладная колькасьць групы невядома, але як мінімум двое грамадзян Ірану — жанчына і мужчына — па рашэньні суду зьмешчаныя на шэсьць месяцаў у пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца ва Ўкраіне. Іхныя асобы вэрыфікуюць для далейшага выдварэньня.

Абое адмовіліся вяртацца ў Іран, бо там «ідзе грамадзянская вайна» і яны пабойваюцца за сваё жыцьцё. Затрыманыя паведамілі, што яны прыбылі ў Беларусь з Расеі і пасьпяхова перайшлі беларускую мяжу. Сваёй канчатковай мэтай яны назвалі Эўразьвяз.

Ва Ўкраіне гэтых грамадзян Ірану прызналі незаконнымі мігрантамі, паколькі яны перасеклі мяжу па-за межамі пункту пропуску і не заявілі аб жаданьні атрымаць прытулак ва Ўкраіне або дадатковую абарону ўкраінскай дзяржавы.

Шостага сьнежня Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай выведкай, заявіў, што беларускія памежнікі наўмысна накіроўваюць уцекачоў з Ірану і Пакістану на ўкраінскія межы.

«Такім чынам беларусы правяраюць уразьлівыя і недастаткова абароненыя ўчасткі мяжы з Украінай, якія могуць выкарыстаць для праходу варожых дывэрсыйна-выведных групаў. Аналягічную тактыку вораг выкарыстоўвае на мяжы з Латвіяй», — адзначалася ў паведамленьні Цэнтру нацыянальнага супраціву.

У пачатку сьнежня стала вядома, што 25 лістапада ў 16:15 за 500 мэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы на тэрыторыі Ўкраіны ўкраінскія памежнікі затрымалі групу мігрантаў, грамадзян Пакістану і Банглядэшу. За незаконны пераход мяжы былі пакараныя тры мігранты, але агульная колькасьць групы невядомая. Яны спрабавалі перасячы мяжу ў Зарэчненскім раёне Ровенскай вобласьці.

У красавіку мяжу ў Рэпкінскім раёне Чарнігаўскай вобласьці перасекла яшчэ адна група мігрантаў. Як мінімум двое зь яе — грамадзяне Кубы. Але факт незаконнага перасячэньня ўкраінскія памежнікі змаглі задакумэнтаваць толькі праз паўгода, у кастрычніку, калі гэтыя грамадзяне спрабавалі трапіць у Эўропу пасьля незаконнага перасячэньня ўкраінскай мяжы ў Закарпацкай вобласьці. Як яны перамясьціліся з Чарнігаўскай у Закарпацкую вобласьць, калі фактычна на ўезьдзе і выезьдзе ў кожнае паселішча стаяць украінскія вайсковыя блёк-пасты, невядома.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны гэтых фактаў пакуль не камэнтуюць. Пра іх стала вядома з судовых рашэньняў, апублікаваных у Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG