Назіраючы за чэмпіянатам сьвету ў футболе, Лукашэнка зьдзіўлена адзначыў, што «не заўважыў там нашых футбалістаў». І канстатаваў: «Стан гэтага віду спорту, як і многіх іншых, жахлівы». Што чыстая праўда. Фактычна Беларусь у сусьветным спорце, агулам кажучы, не прысутнічае.
Пры гэтым Лукашэнка наракаў на працу міністра спорту, віцэ-прэм’ера, іншых чыноўнікаў. Ён запэўніў, што ў Беларусі створаныя ўсе ўмовы для разьвіцьця спорту, і заявіў: «Падчас гэтай нарады я жадаў бы ад вас пачуць, чаго вам бракуе, якіх спартовых пляцовак, збудаваньняў і іншага, каб на Алімпіядзе заваёўваць 20-30 мэдалёў».
Звычайна ў такіх выпадках журналісты пішуць: сьмех у зале. І сьмешна тут не ад колькасьці заплянаваных мэдалёў, а ад вялізнага адрыву ад рэальнасьці.
Прычын правалаў у беларускім спорце шмат. Але цяпер спынюся толькі на дзьвюх, бадай самых галоўных.
Па-першае, у якасьці пакараньня за саўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны большасьць міжнародных спартовых фэдэрацыяў выключылі беларускіх спартоўцаў (разам з расейскімі) зь міжнародных спаборніцтваў. Краіна выкінутая з сусьветнага спорту. І гэты факт пазбаўляе беларускіх спартоўцаў стымулаў працаваць. Спроба замяніць Алімпійскія гульні, чэмпіянаты сьвету і Эўропы нейкімі сурагатамі накшталт «Гульняў краінаў СНД» — чыстая прафанацыя, якая нікога не стымулюе. Гэта ўсе разумеюць — і спартоўцы, і трэнэры, і заўзятары. Усе, акрамя Лукашэнкі, які лічыць, што ў адказ на санкцыі спартоўцы павінны паказаць яшчэ лепшыя вынікі. Выглядае як чарговы кур’ёз.
Па-другое, сёньня ў беларускім спорце, як, дарэчы і ў іншых сфэрах (адукацыі, мэдыцыне, культуры і інш.), задача дасягненьня палітычнай ляяльнасьці дамінуе над задачай дасягненьня нейкіх практычных вынікаў. Шмат знакамітых трэнэраў, спартоўцаў пазбаўленыя працы і ўвогуле права ўдзельнічаць у спаборніцтвах. З футбольнай зборнай выключаныя футбалісты, якія нейкім чынам пратэставалі супраць гвалту сілавікоў у 2020 годзе. А цяпер Лукашэнка зьдзіўляецца, адкуль правалы ў футболе. Вось нядаўна зьявілася інфармацыя, што міністэрства спорту і турызму ініцыявала новую чыстку, у ходзе якой павінны быць звольненыя ўсе спартоўцы і спартовыя работнікі, хоць нейкім чынам заўважаныя ў палітычнай неляяльнасьці да рэжыму. Застануцца только ляяльныя, хоць і неталенавітыя. Адкуль жа могуць быць добрыя вынікі?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.