Сьвятлана Ціханоўская працягвае візыт у Фінляндыю на запрашэньне міністра замежных спраў.
Як піша тэлеграм-канал Офісу Ціханоўскай, яе прымаюць на найвышэйшым узроўні, як кіраўніка дзяржавы. Падчас сустрэчаў Ціханоўская падняла пытаньні дапамогі палітвяьзням, апошняй хвалі рэпрэсіяў, новых законаў аб пазбаўленьні грамадзянства і сьмяротным пакараньні для чыноўнікаў, сьмерці Макея і адказнасьці Лукашэнкі за ўдзел у вайне.
Прэзыдэнт Саўлі Нійніста прыняў беларускую лідэрку ў сваёй прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі. Ціханоўская распавяла, што ў беларускім грамадзтве ёсьць кансэнсус пра недапушчальнасьць удзелу беларускіх вайскоўцаў у агрэсіі супраць Украіны, і што Лукашэнка нясе адказнасьць за абстрэлы Украіны з беларускай тэрыторыі.
Сьвятлана Ціханоўская расказала прэзыдэнту, што прысутньасць расейскіх войскаў у Беларусі сьведчыць пра тое, што Масква не давярае беларусам. Яна лічыць, што іх прысутнасьць зьяўляецца замахам на беларускі сувэрэнітэт.
Лідэры абмеркавалі магчымыя сцэнары транзыту, і неабходнасьць прынцыповай пазыцыі Захаду ў абарону беларускай незалежнасьці.
Ціханоўская заявіла, што расейскія войскі павінны быць выведзеныя ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі.
Паводле паведамленьня Офісу, Ціханоўская наведала фінскі парлямэнт, правяла сустрэчы з камітэтам па замежных адносінах і фінскай дэлегацыяй у Паўночнай радзе, куды ўваходзяць прадстаўнікі пяці скандынаўскіх краінаў.
Ціханоўская заклікала дэпутатаў браць шэфства над палітвязьнямі, падтрымліваць іх сем’і, пісаць лісты і стварыць парлямэнцкую групу «За дэмакратычную Беларусь».
Напрыканцы дня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары Фінляндыі.