Пра вынікі экспэрымэнту расказалі ў жывым эфіры на сайце Міністэрства энэргетыкі ЗША, якому належыць лябараторыя. Падчас трансьляцыі выступілі міністар энэргетыкі Джэніфэр Грэнгалм (Jennifer Granholm), яе намесьніца па ядзернай бясьпецы Джыл Грабі (Jill M. Hruby), а таксама навукоўцы зь Лівэрмарскай лябараторыі.
Удзельнікі прэзэнтацыі тлумачылі, што да камэрцыйнага выкарыстаньня тэрмаядзернага сынтэзу застаецца яшчэ шмат крокаў, для якіх могуць спатрэбіцца дзесяцігодзьдзі.
Навукоўцы працуюць над тэрмаядзерным сынтэзам з пачатку 1950-х гадоў. У клясычных ядзерных рэактарах для атрыманьня энэргіі выкарыстоўваецца рэакцыя распаду, падчас якой з цяжкіх атамных ядраў атрымліваюцца лягчэйшыя элемэнты. У тэрмаядзерным абсталяваньні павінен, наадварот, адбывацца сынтэз цяжэйшых атамных ядраў зь лягчэйшых.
Такая рэакцыя падобная да той, што адбываецца ў зорках і ў пэрспэктыве павінна дазваляць атрымліваць практычна неабмежаваную энэргію. Аднак для гэтага неабходна разаграваць матэрыялы да мільёнаў градусаў і знайсьці спосаб на працягу доўгага часу ўтрымліваць іх у такім стане.
На гэта неабходна выдаткоўваць энэргію, і экспэрымэнтальныя тэрмаядзерныя ўстаноўкі выдаткоўваюць яе больш, чым вырабляюць. Навукоўцам у Лівэрмары ўпершыню ўдалося атрымаць больш, чым выдаткаваць. Гэта не прывядзе да неадкладнага стварэньня працоўных тэрмаядзерных установак, але паказвае, што іх праца дасягальная на практыцы.