Падчас візыту Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца з прэзыдэнтам, прэм’ер-міністрам, сьпікерам парлямэнту, а таксама з чальцамі дэлегацыяў камітэту замежных справаў парлямэнту Фінляндыі ў Радзе Эўропы і Паўночнай радзе, паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
Першая сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай у рамках візыту — з прэм'еркай Фінляндыі Саннай Марын.
У рамках візыту заплянаваныя таксама іншыя сустрэчы і дыскусіі, арганізаваныя Фінскім інстытутам міжнародных адносін.
Ціханоўская і кіраўніцтва Фінляндыі падчас візыту абмяркуюць:
дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ, праваабаронцам; ролю Беларусі ў вайне і спосабы перадухіленьня ўступленьня беларускіх войскаў у вайну; міжнародныя мэханізмы і стратэгію вызваленьня палітычных зьняволеных.
Фінляндыя падтрымлівае пабудову дэмакратычнай Беларусі — яна фінансуе працу міжнароднай плятформы падсправаздачнасьці, якая зьбірае і захоўвае доказы парушэньняў правоў чалавека, зьдзейсьненых рэжымам Лукашэнкі, а таксама падтрымлівае беларускі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які працуе ў выгнаньні ў Вільні.