Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэлефануюць зь Міністэрства культуры і кажуць: „Гэтага трэба зьняць і гэтага“». У якіх умовах працуюць беларускія мастакі


Пэрформанс мастака Аляксея Кузьміча супраць цэнзуры. Менск, 2018 год
Пэрформанс мастака Аляксея Кузьміча супраць цэнзуры. Менск, 2018 год

Суразмоўца са сфэры беларускага мастацтва апавядае Свабодзе пра чорныя сьпісы мастакоў і ціск на творцаў, які пачаўся пасьля 2020 году.

Месяц таму Свабода паведамляла, як у Палацы мастацтваў хацелі зьняць творы «палітычна нядобранадзейных» мастакоў. Ціск на творцаў працягваецца і набірае моц, чорныя сьпісы папаўняюцца, сьцьвярджае суразмоўца Свабоды.

«Тэлефануюць (арганізатарам выставаў. — РС) зь Міністэрства культуры, просяць даслаць сьпісы ўдзельнікаў, кажуць: „Гэтага трэба зьняць і вось гэтага“. Часта гэта нават не за самі працы, а за прозьвішчы: хто ў пратэстах удзельнічаў, нешта посьціў, дзесьці „засьвяціўся“, хоць працы могуць быць зусім нэўтральныя», — расказвае Свабодзе крыніца, блізкая да беларускага мастацтва.

Паводле суразмоўцы, тэарэтычна мастакі маюць магчымасьць выстаўляцца ў прыватных галерэях, але гэта небясьпечна для ўладальнікаў апошніх.

«Калі вядома, што мастак у гэтых сьпісах („чорных сьпісах“ нядобранадзейных творцаў. — РС), то лепш яго не выстаўляць або паспрабаваць выставіць нешта нэўтральнае, каб нідзе ніякага намёку не праскочыла. Вось у Горадні была выстава ў гандлёвым цэнтры, у прыватнай галерэі, яна літаральна адзін дзень правісела, — расказвае суразмоўца. — Выставу закрылі, а за ёй і саму галерэю. Таму ўсе імкнуцца не рызыкаваць. Ну і сэнс, калі ты будзеш шмат часу і сіл марнаваць на падрыхтоўку выставы, а ў той жа дзень яе закрыюць?»

«Мастакі цяпер павінны маляваць нешта „патрыятычнае“»

Суразмоўца гаворыць, што цяпер на арганізацыю выставаў і мастацкае жыцьцё ў Беларусі моцна ўплываюць праўладныя актывісты.

«Гэта такая арганізацыя актыўных таварышаў, якія ні ў чым не разьбіраюцца, але лічаць, што яны могуць дыктаваць усім свае ўмовы, — расказвае суразмоўца. — Уласна, так ужо і ёсьць. Людзі, наагул далёкія ад мастацтва, задаюць тон. Часта яны пішуць лісты, даносы, ня проста каб зьнялі выставу ці працы, а з заклікамі „разабрацца“, пасадзіць і гэтак далей».

«У гэтых таварышаў своеасаблівае меркаваньне наконт мастацтва, для іх нават проста абстракцыя — гэта заходні ўплыў. На іхную думку, мастакі павінны маляваць сацрэалізм, рэалізм, пажадана нешта патрыятычнае. Паказваць, як нам усім тут добра жывецца, ну ці пра Вялікую Айчынную вайну. А ўсё астатняе — гэта заходняя зараза і ўсё гэта трэба выкарчоўваць. Яны змагаюцца з лацінкай, лічаць, што ў нас прыцясьняюць расейскую мову і культуру», — тлумачыць крыніца.

Суразмоўца дадае, што прывазныя мастацкія выставы амаль усе расейскія, бо больш няма адкуль везьці. Таксама вялікая праблема ў тым, што ў кіраўніцтве культурніцкіх установаў засталіся ляяльныя да ўлады людзі, а прафэсіяналаў пазвальнялі.

«Цяпер мала нейкіх яркіх і цікавых працаў, часта майстры і прафэсіяналы ня могуць выстаўляцца і іх месца займае нейкая бздура. Наколькі мага ўсе (неляяльныя да ўладаў мастакі. — РС) паволі разьяжджаюцца, ад гэтага сумна. Ці вернуцца, незразумела».

«Публікаваць працы нават у сацыяльных сетках небясьпечна»

Цяпер мастакі ў Беларусі апынуліся ў сытуацыі, калі свае творы яны фактычна не могуць нікому паказаць, кажа крыніца.

«Як вынікае, у Беларусі выстаўляцца многім нельга, у Расеі гэта „зашквар“, у Эўропе немагчыма выставіцца з катэгарычнымі мастацкімі выказваньнямі пра палітычную цяперашнюю сытуацыі, вайну і іншае (празь небясьпеку далейшага перасьледу ў Беларусі. — РС). Можна толькі падміргваньнем і расплывістымі намёкамі паказваць, калі ня хочаш „прысесьці“. Агулам ніякай магчымасьці ўзаемадзеяньня з гледачом, бо і ў сацыяльных сетках публікаваць працы небясьпечна. Праўладныя актывісты старанна ўсё манітаруюць і вырашаюць, што добра, што дрэнна, што мае права на жыцьцё, а што не. І тут гаворка не аб працы мастакоў, а пра асобу».

Суразмоўца згадвае як прыклад працу беларускай мастачкі Натальлі Сухаверхавай, якая падтрымлівае рэжым.

«Яна прыкладае ўсе намаганьні, каб зачысьціць беларускую арт-прастору ад непажаданых элемэнтаў (да іх, паводле суразмоўцы, адносяцца прыхільнікі ня толькі дэмакратыі, але і сучаснага мастацтва. — РС). Лічыць, што мастацтва існуе для таго, каб выхоўваць патрыятызм, прасоўваць хрысьціянскія і сямейныя каштоўнасьці, трансьляваць дзяржаўную ідэалёгію».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG