Цырымонія ўручэньня European Film Awards (EFA) адбылася ў ісьляндзкім Рэйк’явіку. Фільм Мантаса Кведаравічуса «Марыюпаліс 2» прызнаны найлепшай дакумэнтальнай стужкай Эўропы, піша Эўрапейская кінаакадэмія.
Прэмію прыняла яго дачка Тэя Кведаравічуце.
«Мой тата, на жаль, ня можа быць тут, але я вельмі ім ганаруся. Ён загінуў, ахвяруючы такім чынам, якім мала хто з нас здольны. Я вельмі ганаруся тым, што ў маім жыцьці ёсьць такі асаблівы чалавек», — сказала яна.
Уручэньне прэміі рэжысэру зь Літвы гледачы сустрэлі аплядысмэнтамі.
Прэм’ерны паказ «Марыюпаліс 2» адбыўся 17 траўня. Фільм паказалі на 75-м Канскім міжнародным кінафэстывалі ў афіцыйнай праграме спэцыяльных паказаў Канскіх прэм’ер.
«Ведаеце, што было зусім неверагодна ў Марыюпалі? Ніхто не баяўся сьмерці, хоць і думаў, што баяўся. Сьмерць ужо была тут і кожны хацеў памерці асэнсавана. Людзі дапамагалі адно аднаму нават з рызыкай для жыцьця. Яны курылі на вуліцы і балбаталі, нават калі падалі бомбы. Грошай больш не існавала, бо жыцьцё стала занадта кароткім, каб думаць пра гэта. Кожны быў задаволены тым, што меў, станавіўся лепшай вэрсіяй сябе; не было ні мінулага, ні будучыні, асуджэньня, неадназначнасьці! Гэта быў рай у пекле. Кранальныя далікатныя крылцы матылька. Сапраўдны водар сьмерці. Такім там было жыцьцё», — гаворыцца ва ўступе да фільму.
З атрыманьнем узнагароды калектыў аўтараў фільму павіншаваў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Рэжысэр і культурны антраполяг Мантас Кведаравічус быў забіты ва Ўкраіне расейскімі акупантамі ў канцы сакавіка гэтага году. Перад гібельлю ён спрабаваў вывезьці з акупаванага гораду, пра які здымаў фільм, трох жанчын. Яго затрымалі расейцы і неўзабаве Кведаравічуса ня стала.
Стужку завяршылі рэжысэр мантажу Дуня Сычова, якая працавала з Кведаравічусам над яго папярэднімі фільмамі «Марыюпаліс», «Парфэнон» і жонка рэжысэра Ганна Белаброва.
Першапачаткова паведамлялася, што Кведаравічус загінуў пад абстрэлам у Марыюпалі. Гэтую вэрсію прыдумалі, каб жонка змагла вывезьці цела праз тэрыторыю Расеі. Рэжысэр паехаў у Марыюпаль, каб зьняць працяг свайго фільму.
Адзін з апошніх фільмаў Кведаравічуса, «Марыюпаліс», расказваў пра горад, за які ішлі жорсткія баі. Гэта была стужка аб прыфрантавым жыцьці, у якой амаль не было палітыкі: у карціну была ўключана толькі адна сцэна сьвяткаваньня 9 траўня, калі на галоўнай плошчы Марыюпаля спрачаліся прыхільнікі Расеі з георгіеўскімі стужачкамі і тыя, хто выйшаў туды з украінскім сымбалем перамогі — чырвоным макам.
«Марыюпаліс 2» — працяг той стужкі.