Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц шукае альтэрнатывы Twitter пасьля яго куплі Маскам


Оляф Шольц
Оляф Шольц

Ва ўрадзе Нямеччыны шукаюць альтэрнатыву Twitter — спробы новага ўладальніка зрабіць кампанію больш эфэктыўнай, на думку чыноўнікаў, сапсавалі яе імідж.

Паводле DW, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц уважліва назірае за падзеямі, якія адбываюцца пасьля куплі сацыяльнай сеткі Twitter мільярдэрам Іланам Маскам і на ўсялякі выпадак шукае альтэрнатывы. Пра гэта паведаміў прадстаўнік нямецкага ўраду Штэфен Гэбэштрайт у падкасьце выдавецкай групы Redaktionsnetzwerks Deutschland, які выйшаў у эфір у ноч на пятніцу, 9 сьнежня.

Паводле Гэбэштрайта, каманда канцлера, з аднаго боку, назірае «за разьвіцьцём гэтай плятформы, а з другога — за альтэрнатывамі, якія можна выкарыстоўваць». «Мы хочам выкарыстоўваць шмат каналаў, каб ахапіць карыстальнікаў менавіта на тых сэрвісах, якія яны выкарыстоўваюць», — падкрэсьліў Гэбэштрайт, у якога ў Twitter крыху менш за сто тысяч падпісчыкаў. У самога Шольца іх 600 тысяч.

Нягледзячы на тое, што знайсьці альтэрнатыву Twitter будзе няпроста, «мы ня можам заплюшчваць вочы, калі колькасьць праблематычных тэндэнцый будзе расьці», дадаў прадстаўнік ураду Нямеччыны.

Ілан Маск стаў уладальнікам Twitter у канцы кастрычніка, пасьля чаго заявіў, што кампанія марнуе занадта шмат грошай, і звольніў каля паловы супрацоўнікаў. Пакінутым ён прапанаваў працаваць звышурочна і разьмясціў у офісе ў Сан-Францыска спальныя месцы. Акрамя таго, Маск папярэдзіў, што кампанія будзе ў хуткім часе рабіць «шмат глупстваў», каб наладзіць працу. Крытыкі асьцерагаюцца, што Маск радыкальна скараціў праверку недапушчальнага кантэнту, што ператворыць плятформу ў рассаднік нянавісьці і дэзынфармацыі.

Прэм’ер-міністар нямецкай фэдэральнай зямлі Ніжняя Саксонія Штэфан Вайль ужо абвясьціў, што пакідае Twitter.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG