Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі (СДБ) рэкамэндавала МУС уключыць экс-вядоўцу тэлеканалу «Дождь» Аляксея Карасьцялёва ў «чорны сьпіс» асобаў, якім забаронены ўезд у краіну, паведамляе партал LSM. lv.
Падставай для рэкамэндацыі сталі выказваньні Карасьцялёва аб забесьпячэньні расейскіх змабілізаваных, зробленыя ім 1 сьнежня ў перадачы «Тут і цяпер» на тэлеканале «Дождь». У СДБ вырашылі, што словы Карасьцялёва можна ацэньваць як заклік аказваць матэрыяльную падтрымку расейскім змабілізаваным, якія бяруць удзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.
У ведамстве, у прыватнасьці, адзначылі, што Аляксей Карасьцялёў у перадачы «Тут і цяпер» ня раз указваў, што вайскоўцы РФ на фронце знаходзяцца ў цяжкіх абставінах, недастаткова забясьпечаныя рыштункам і харчаваньнем. Выказваньні вядоўцы, на думку СДБ, сьведчаць, што «тэлеканал „Дождь“ абагульніў інфармацыю аб названых праблемах, каб дапамагчы іх вырашыць».
У СДБ таксама лічаць недапушчальным, каб «у латвійскай інфармацыйнай прасторы распаўсюджвалася інфармацыя з заклікам да грамадзтва аказваць дапамогу акупацыйным сілам РФ». У ведамстве мяркуюць, што выказваньні вядоўцы «Дождя» «супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Латвіі і ствараюць ілжывае ўяўленьне аб арміі РФ, выклікаючы да яе спачуваньне».
Улічваючы, што ў Карасцьялёва няма латвійскага віду на жыхарства (вядоўца жыве ў Грузіі), пазваць яго да крымінальнай адказнасьці ў Латвіі нельга. Аднак СДБ рэкамэндуе МУС Латвіі ўключыць журналіста ў чорны сьпіс, фігурантам якога забаронены ўезд у краіну.
Таксама СДБ вынесла папярэджаньне галоўнаму рэдактару «Дождя» Ціхану Дзядко аб магчымай крымінальнай адказнасьці ў выпадку правапарушэньня, пад якім, як удакладняе выданьне, маецца на ўвазе збор і/ці перадача любых фінансавых ці іншых сродкаў на карысьць войска РФ у адпаведнасьці з артыкулам 77.2 Крымінальнага кодэксу Латвіі.
Між тым Управа грамадзянства і міграцыі Латвіі (PMLP), як паведамляе агенцтва LETA, зараз ацэньвае, ці ёсьць праўныя падставы ануляваць выдадзеныя візы з правам на працаўладкаваньне супрацоўнікам «Дождя», зважаючы на тое, што кампанія пакуль не зьліквідаваная. Ва Ўправе адзначылі, што раней 13 супрацоўнікам тэлеканалу былі выдадзеныя працоўныя візы.
Тым часам генэральны дырэктар «Дождя» Натальля Сіндзеева апублікавала відэа, у якім заклікала Аляксея Карасьцялёва вярнуцца на працу. Яна таксама папрасіла прабачэньня ў Карасьцялёва і заявіла, што яго звольнілі «за памылку» і што рашэньне аб звальненьні было «подласьцю» ў дачыненьні да вядоўцы.
Генэральная дырэктарка «Дождя» заклікала вярнуцца на тэлеканал вядоўцаў Маргарыту Лютаву і Ўладзіміра Раменскага, якія вырашылі сысьці на знак пратэсту супраць звальненьня Карасьцялёва.
«Хлопцы, вяртайцеся на „Дождь“. Гэта была памылка, ніякага злога намеру. Была вельмі дрэнная памылка. Украінцы нам могуць гэтага не дараваць, але гэта была памылка. Людзі робяць памылкі», — сказала Сіндзеева.
Раней стала вядома, што Нацыянальная рада электронных сродкаў масавай інфармацыі (NEPLP) Латвіі анулявала ліцэнзію на трансьляцыю тэлеканалу «Дождь» у Латвіі. Рашэньне скасаваць дазвол на трансьляцыю тэлеканалу прынялі «ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бясьпецы і грамадзкаму парадку». Трансьляцыя тэлеканалу ў Латвіі будзе спыненая 8 сьнежня. Акрамя гэтага, на тэрыторыі Латвіі будзе закрыты доступ да праграмаў тэлекампаніі на Ютубе.
Галоўны рэдактар «Дождя» Ціхан Дзядко — аб звальненьні Аляксея Карасьцялёва:
Другога сьнежня стала вядома, што NEPLP Латвіі аштрафаваў тэлеканал «Дождь» на 10 тысяч эўра за мапу з Крымам у складзе Расеі і словы «наша армія» пра расейскую армію. Кіраўнік ведамства Абаліньш паведаміў, што ў тэлеканалу былі два істотныя парушэньні, але не ўдакладніў, якім было першае. Ён адзначыў, што за тры такія парушэньні NEPLP можа ануляваць дазвол на трансьляцыю.
Супраць «Дождя» ў Латвіі таксама завялі справу аб адміністрацыйным правапарушэньні за сюжэт, у якім гаворыцца аб магчымай падтрымцы расейскай арміі. Тэлеканал паведаміў, што вядоўца Аляксей Карасьцялёў звольнены. Галоўны рэдактар «Дождя» Ціхан Дзядко заявіў, што тэлеканал «не займаўся, не займаецца і ня будзе займацца дапамогай з аснашчэньнем расейскай арміі».
«Дождь» працаваў у Расеі з 2010 году. Пачаўшы эфір з забаўляльнага зьместу, ён хутка пераключыўся на грамадзка-палітычны парадак дня. Пасьля гэтага ён быў выключаны з расейскіх кабэльных і спадарожнікавых апэратараў. У 2017 годзе яго заблякавалі ва Ўкраіне.
У 2021 годзе ў Расеі ён быў аб’яўлены «іншаземным агентам», рэдакцыя з гэтым не пагадзілася. 1 сакавіка 2022 году, праз тыдзень пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, Генэральная пракуратура Расеі запатрабавала заблякаваць сайт «Дождя» з прычны «фэйкаў аб дзеяньнях расейскай арміі і заклікаў да экстрэмісцкіх дзеяньняў».
3 сакавіка канал прыпыніў працу. Дазвол на трансьляцыю ў Латвіі тэлеканал атрымаў 6 чэрвеня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.