Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеканал «Дождь» звольніў вядоўцу, які ў эфіры заявіў пра наданьне дапамогі расейскай арміі


Тэлеканал «Дождь»
Тэлеканал «Дождь»

Выказваньне выклікала абурэньне ў аўдыторыі тэлеканалу.

1 сьнежня падчас вечаровага эфіру расейскага апазыцыйнага тэлеканала «Дождь», які перадае з-за мяжы, вядоўца Аляксей Карасьцялёў заклікаў гледачоў пісаць пра парушэньні пры правядзеньні мабілізацыі і ваенныя злачынствы і ад імя тэлеканалу заявіў:

«Мы спадзяемся, што шматлікім вайскоўцам у тым ліку мы змаглі дапамагчы, напрыклад, з абсталяваньнем і з проста элемэнтарнымі выгодамі на фронце».

На наступны дзень, 2 сьнежня, галоўны рэдактар тэлеканалу Ціхан Дзядко апублікаваў у сваім тэлеграм-канале зьняпраўджаньне словаў Аляксея Карасьцялёва, адзначыўшы, што «Дождь» «не займаўся, не займаецца і ня будзе займацца дапамогай з аснашчэньнем расейскай арміі».

«Паколькі фраза, якая прагучала ў эфіры, уводзіць у зман нашых гледачоў, мы прынялі рашэньне неадкладна выдаліць яе з паўтораў і з запісу эфіру. Мы прыносім прабачэньні нашым гледачам», — напісаў Ціхан Дзядко.

Інцыдэнт не застаўся незаўважаным сярод інтэрнэт-карыстальнікаў і выклікаў абурэньне ўкраінскай аўдыторыі.

Нягледзячы на тое, што вечаровы эфір быў выдалены з афіцыйнага youtube-каналу «Дождя», урывак скандальнага выказваньня апублікавалі, сярод іншых, найбуйнейшыя ўкраінскія тэлеграм-каналы і СМІ.

Неўзабаве стала вядома, што выказваньне вядоўцы Аляксея Карасьцялёва раскрытыкавала рада электронных СМІ Латвіі, а праз пару гадзін аштрафавала «Дождь» на 10 тысяч эўра за тое, што тэлеканал паказаў карту Расеі, у склад якой уваходзіць анэксаваны Крым. Яшчэ адна прэтэнзія — называньне расейскага войска «нашым». Як паведаміў старшыня рады Іварс Абаліньш, за тры парушэньні дазвол на трансьляцыю «Дождю» можа быць ануляваны.

Рэдакцыя тэлеканалу не пракамэнтавала рашэньне латвійскай Нацыянальнай рады электронных СМІ. Аднак праз пэўны час, у пачатку дзённага выпуску навін, кіраўнік інфармацыйнай службы «Дождя» Кацярына Котрыкадзэ папрасіла прабачэньня за выказваньні Карасьцялева і аб’явіла рашэньне рэдакцыі аб яго звальненьні.

  • Тэлеканал «Дождь» заблякавалі ў Расеі пасьля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня РФ ва Ўкраіну. Тэлеканал на пэўны час спыніў трансьляцыю, але ў ліпені аднавіў яе з Латвіі. У «Дождя» таксама ёсьць студыі ў Грузіі, Нідэрляндах і Францыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG