«Праваахоўнікі праводзяць агляд тэрыторыі і памяшканьняў япархіі для выяўленьня забароненых да абарачэньня прадметаў і правяраюць асобаў на тэрыторыі япархіі адносна іх датычнасьці да супрацьпраўнай дзейнасьці на шкоду дзяржаве», — цытуе заяву ведамства ўкраінская служба Радыё Свабода.
СБУ адзначае, што ўсе дзеяньні адбываюцца ў рамках дзейнага заканадаўства і праводзяцца для абароны людзей ад правакацый і тэрактаў, і для праверкі зьвестак, што япархія выкарыстоўваецца як ячэйка «расейскага сьвету» для ўкрывальніцтва грамадзян краіны-агрэсара і захоўваньня забароненых прадметаў.
На гэтым тыдні СБУ прыходзіла зь ператрусам у Кіева-Пячэрскую ляўру і яшчэ некалькі ўкраінскіх манастыроў. На думку ведамства, там могуць хавацца дывэрсійна-разьведвальныя групы, напрыклад, расейцаў ці беларусаў.
Акрамя таго ва ўкраінскі парлямэнт унесьлі законапраект аб забароне Расейскай праваслаўнай царквы і ўсіх устаноў і рэлігійных арганізацый, якія ўваходзяць у яе склад або прызнаюць падпарадкаваньне гэтай царкве.
Дакумэнт унесьлі на наступны дзень пасьля ператрусаў у Кіева-Пячэрскай ляўры, Карэцкім жаночым манастыры і ў памяшканьнях Сарненска-Палескай япархіі УПЦ у Ровенскай вобласьці.
У траўні Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату абвясьціла пра незалежнасьць ад Расейскай праваслаўнай царквы, але многія ўкраінскія палітыкі працягваюць крытыкаваць яе за прамаскоўскую, на іх думку, пазыцыю.
У кастрычніку СБУ правяла ператрусы ў тульчынскага мітрапаліта Ёнафа (Ялецкіх), яго абвінавацілі ў захоўваньні «прарасейскай літаратуры».
Крэмль назваў ператрусы чарговым зьвяном у ланцугу ваенных дзеяньняў супраць расейскага праваслаўя.