Паводле Кубракова, функцыянал падразьдзяленьня ўжо вызначаны, магчыма, яно атрымае спэцыяльную назву. У падразьдзяленьні будуць служыць тыя, хто ўжо прайшоў службу ў спэцназе МУС.
«У гэтым падразьдзяленьні будуць служыць маладыя хлопцы, якія прайшлі службу ў нашым спэцназе ў брыгадзе 3214. Што да функцыяналу атраду спэцыяльнага прызначэньня, будуць усе неабходныя падразьдзяленьні: выведкі, па процідзеяньні БПЛА, нават свая кіналягічная служба будзе. Гэта тое мабільнае падразьдзяленьне, якое выедзе ў любы пункт і выканае пастаўленую задачу па гарантаваньні бясьпекі нашых грамадзян. Там будзе і бранятэхніка, і ўзбраеньне адпаведнае», — сказаў АНТ Кубракоў.
Паводле яго, у будучыні МУС хоча стварыць такія падразьдзяленьні ва ўсіх рэгіёнах краіны, пры гэтым іх колькасьць можа быць ніжэйшай, чым у Менску. Пры фармаваньні новага спэцпадразьдзяленьня ўлічваецца досьвед вайны ва Ўкраіне.
«Мы вывучаем вельмі старанна спэцыяльную апэрацыю, якая праходзіць ва Ўкраіне. Мы вывучаем дзеяньні ня толькі Расейскай Фэдэрацыі, але і Ўкраіны, як яны дзейнічаюць, эфэктыўнасьць на сёньняшні дзень такіх невялікіх атрадаў, як яны працуюць і як яны дзейнічаюць», — дадаў міністар.
Ён падкрэсьліў, што на стварэньне падразьдзяленьня не запрошвалася дадатковых сродкаў. Яно будзе стварацца за кошт аптымізацыі органаў унутраных спраў і саміх унутраных войскаў.
«Я ўпэўнены, што з укамплектаваньнем гэтага падразьдзяленьня праблем ня будзе. Матывацыя вельмі і вельмі высокая ў нашых маладых людзей, каб служыць у такіх падразьдзяленьнях», — сказаў Кубракоў.
Ён дадаў, што ўжо рыхтуецца праект указу аб стварэньні новага спэцпадразьдзяленьня.