ФСБ паведаміла 23 лістапада, што застрэліла ў Варонежы трох чалавек, якіх падазравалі ў падрыхтоўцы дывэрсіі на вайсковых і энэргетычных аб’ектах рэгіёну. Як высьветліла выданьне The Moscow Times, двое з трох забітых гулялі ў страйкбол, а таксама ў ролевыя гульні па відэагульні «S.T.A.L.K.E.R.», распрацоўкай якой займаецца ўкраінская кампанія GSC Game World.
У ФСБ сьцьвярджалі, што дывэрсію нібыта рыхтавалі «сябры закансьпіраванай ячэйкі прыхільнікаў украінскай нацыяналістычнай ідэалёгіі». Падазраваных — «кіроўцу і двух яго саўдзельнікаў» — забілі пры спробе затрыманьня на ўскраіне Варонежа. У спэцслужбе заявілі, што падазраваныя аказалі ўзброены супраціў, пасьля чаго па іх адкрылі агонь у адказ.
Журналісты The Moscow Times пагутарылі з прадстаўнікамі страйкбольнай супольнасьці Варонежа і высьветлілі, што адзін з забітых — мясцовы жыхар Уладзімір Катоўскі, а другога ведалі па псэўданіме Сталкер Фасген. Адзін з суразмоўцаў выданьня расказаў, што Катоўскі — «звычайны тэхнар, рабацяга», які быў прыхільнікам Аляксея Навальнага, а «Фасген быў анархістам, бунтаром і падтрымліваў Украіну».
Як адзначае The Moscow Times, у праграме «Вести» на тэлеканале «Россия-1» у сюжэце аб апэрацыі ФСБ у Варонежы паказалі сьцяг з эмблемай у выглядзе галавы зялёнага ваўка ў профіль і надпісам «Воля» — эмблему групоўкі «Свабода» з гульні. S.T.A.L.K.E.R.. У сюжэце «России-1» сьцяг назвалі «сьцягам ультраправай нацыяналістычнай партыі „Воля“».