Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу напісаў адкрыты ліст Дар’і Лосік. Праваабаронцы кажуць пра ціск на Дар'ю ў СІЗА


Дарʼя Лосік
Дарʼя Лосік

Дэпутат нямецкага Бундэстагу Робін Вагенэр напісаў адкрыты ліст Дарʼі Лосік, жонцы палітвязьня Ігара Лосіка, якая ў кастрычніку сама апынулася за кратамі.

«Я ад усёй душы жадаў бы, каб цябе асабіста абмінула гэтая несправядлівасьць і каб ты, застаючыся побач з (дачкой. — РС) Паўлінай, працягвала змагацца за вызваленьне Ігара. Твая непахісная мужнасьць і твая нязломная воля на працягу ўсяго гэтага часу глыбока краналі мяне і рабілі на мяне глыбокае ўражаньне. Мне хацелася б, каб ты ведала, што я не забыўся і не забуду ніколі ні Ігара, ні цябе, ні Паўліну», — цытуе ліст Вагенэра «Вясна».

«Мая глыбокая павага і ўдзячнасьць, мая салідарнасьць і падтрымка вашай нястомнай прыхільнасьці дэмакратыі і правам чалавека ёсьць нязьменнымі — і яны застануцца такімі. Паўліне патрэбныя бацькі. Беларусі патрэбныя такія сьмелыя дэмакраты, як вы зь Ігарам. Эўропе патрэбная дэмакратычная Беларусь», — піша дэпутат Бундэстагу.

«Ад усёй душы, дарагая Дарʼя, зычу табе ўсіх сіл, неабходных для будучага часу, падзеі якога ніколі не павінны былі адбыцца такім чынам. Я цьвёрда стаю на тваім і вашым баку. Мы ніколі ня спынім выступаць за вашу свабоду», — заключае Робін Вагенэр.

На Дар'ю Лосік аказвае ціск адміністрацыя берасьцейскага СІЗА-7, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вагу пасылак для Дарʼі пачалі залічваць у агульную вагу перадач. Звычайна зьняволеным можна выдаваць 30 кг перадач у месяц і дадаткова адпраўляць неабмежаваную колькасьць пасылак вагой 50 кг. Цяпер яе ў гэтым абмежавалі.

Пасылкі для Дарʼі просяць не адпраўляць без узгадненьня са сваякамі, паколькі з прычыны ўсталяванага ліміту яна можа застацца безь неабходных рэчаў.

Таксама паведамляецца, што лісты ад Дарʼі амаль не даходзяць.

  • Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі амаль два з паловай гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Тэлеграм-каналы сілавікоў напісалі, што Дар’ю затрымалі за тое, што яна нібыта «спрыяла экстрэмісцкай дзейнасьці», прэтэнзіі да Дар’і ўзьніклі за яе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які ўлады назвалі «экстрэмісцкім». З таго часу Дар’ю Лосік трымаюць у СІЗА Берасьця. 30 лістапада Дар'я адзначыць 31-годзьдзе за кратамі,
  • Паўліна, малалетняя дачка Ігара і Дар’і Лосікаў, пакуль што ў бабулі зь дзядулем — у бацькоў Дар’і.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG