Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заяўляе, што не абстрэльвала Кіеў 23 лістапада, а ўсе разбурэньні — «вынік падзеньня ўкраінскіх і замежных ракет»


Прэсавы прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў
Прэсавы прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў

24 лістапада прэсавы прадстаўнік Міністэрства абароны  Расеі Ігар Канашэнкаў заявіў, што расейскі канцэнтраваны ракетны ўдар 23 лістапада быў нанесены «па сыстэме вайсковага кіраваньня Ўкраіны і зьвязаных зь ёю энэргетычных аб’ектах».

Пасьля расейскага абстрэлу 23 лістапада большасьць жыхароў Украіны, з словаў украінскіх энэргетыкаў, засталіся без электрычнасьці. Часова спынілі працу большасьць ЦЭЦ і ГЭС Украіны, у некаторых рэгіёнах узьніклі праблемы з водазабесьпячэньнем. Міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі паведаміў, што ў выніку ракетных удараў загінулі 10 чалавек, пацярпелі тры шматпавярхоўкі.

З словаў Канашэнкава, мэта ўдару была дасягнутая, паражаны ўсе вызначаныя абʼекты, у тым ліку «парушанае перакідваньне чыгуначным транспартам рэзэрваў Узброеных сіл Украіны, замежнага ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў у раёны баявых дзеяньняў».

«Хачу падкрэсьліць, што ніводнага ўдару па абʼектах у горадзе Кіеве не наносілася. Усе разбурэньні ў горадзе, абвешчаныя кіеўскім рэжымам, сталі вынікам падзеньня ракет замежных і ўкраінскіх сродкаў СПА, разьмешчаных у жылых раёнах украінскай сталіцы», — сьцьвярджае Канашэнкаў.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў на пытаньне, ці хвалюе Крэмль, як удары расейскіх вайскоўцаў па абʼектах крытычнай інфраструктуры ўплываюць на жыцьцё простых украінцаў, адказаў: «Спэцыяльная ваенная апэрацыя выконвае свае задачы. Удараў па сацыяльных аб’ектах як не было, так і няма».

  • Як паведамлялі раней, 23 лістапада Расея нанесла чарговы інтэнсіўны ракетны ўдар па Кіеве і іншых паселішчах Украіны. Паводле ўладаў, у выніку атакі на Кіеў загінулі тры чалавекі, у тым ліку 17-гадовая дзяўчына. Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненьні. Паводле зьвестак паліцыі, усяго загінулі шэсьць чалавек, яшчэ 36 параненыя.
  • Як паведамілі ў Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны, удары з боку расейцаў трапілі ў жылыя дамы, ЦЭЦ і падстанцыі ў Кіеве, Кіеўскай, Віньніцкай, Львоўскай і Запароскай вобласьцях. Расея выпусьціла па Ўкраіне 70 ракет, большасьць іх зьбілі сілы СПА.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG