Дакумэнт у парлямэнце зарэгістравала фракцыя «Эўрапейская салідарнасьць», паведаміла дэпутатка парлямэнту Ірына Фрыз, піша «Настоящее время».
Паводле яе, мэта законапраекту — прадухіленьне пагрозаў нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны і забесьпячэньне парадку. РПЦ, піша Фрыз, «занадта доўга праводзіла адкрытую антыўкраінскую і дывэрсійную дзейнасьць і адвакатавала ўсе дзеяньні злачыннага расейскага рэжыму».
Днём раней Служба бясьпекі Ўкраіны правяла ператрусы ў больш як 350 царкоўных будынках на тэрыторыях Сьвята-Ўспенскай Кіева-Пячэрскай ляўры ў Кіеве, Карэцкага Сьвята-Траецкага манастыра і ў памяшканьнях Сарненска-Палескай эпархіі УПЦ у Ровенскай вобласьці.
Сілавікі праверылі 850 чалавек, больш за 50 зь іх «прайшлі паглыбленыя контравыведвальныя апытаньні, у тым ліку з выкарыстаньнем паліграфа». У памяшканьнях яны знайшлі прарасейскую літаратуру для навучаньня ў сэмінарыі і парафіяльных школах, «у тым ліку для прапаганды „русского мира“».
- У Кіеве 27 траўня адбыўся Памесны сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, які вырашыў цалкам адмовіцца ад РПЦ. Са статуту рэлігійнай арганізацыі прыбралі ўсе згадкі пра Расейскую праваслаўную царкву, пры гэтым аб выхадзе з РПЦ так і не заявілі.
- У верасьні Сэйм Латвіі вывеў мясцовую Праваслаўную царкву з падпарадкаваньня РПЦ, па сутнасьці зрабіўшы яе аўтакефальнай. Латвійскія палітыкі і чыноўнікі лічаць, што Маскоўскі патрыярх не павінен мець улады над мясцовай праваслаўнай грамадой, да якой адносяцца прыкладна 15% насельніцтва, і для Латвіі гэта пытаньне бясьпекі.