Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нямеччына лічыла, што Кіеву лепш здацца, Францыя ня верыла ў пачатак вайны»,— Джонсан раскрыў перадваенныя настроі Эўропы


Барыс Джонсан у Кіеве, красавік 2022 г.
Барыс Джонсан у Кіеве, красавік 2022 г.

Былы прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан распавёў у інтэрвію CNN Portugal, як заходнія краіны ставіліся да магчымага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну да 24 лютага і як мяняўся іх настрой.

«Гэта было вялікім шокам... Мы маглі бачыць, як канцэнтруюцца тактычныя групы расейскіх батальёнаў, але ў розных краін былі вельмі розныя пункты гледжаньня», — паведаміў Джонсан.

Былы брытанскі прэмʼер падкрэсьліў, што пазьней краіны ЭЗ абʼядналіся вакол Украіны і пачалі надаваць ёй падтрымку. Аднак, паводле яго, да ўварваньня Расеі пазыцыі саюзьнікаў разыходзіліся.

Так, у пэўны момант у Нямеччыне лічылі, што калі вайна пачнецца, то Ўкраіне лепш здацца. «Нямеччына ў нейкі момант лічыла, што калі гэта (уварваньне) адбудзецца, што будзе катастрофай, то лепш скончыць усё як мага хутчэй, а Ўкраіне — здацца», — заявіў Джонсан. Паводле яго, такі падыход тлумачыўся «разнастайнымі важкімі эканамічнымі прычынамі».

Францыя ня верыла ў магчымасьць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. «Не сумнявайцеся, што французы адмаўляліся ў гэта верыць да самага апошняга моманту», — сказаў былы кіраўнік брытанскага ўраду. (Раней францускія дакумэнталісты паказалі размову Макрона зь Зяленскім раніцай 24 лютага, калі прэзыдэнт Францыі пытае ў прэзыдэнта Ўкраіны, ці сапраўды Пуцін пачаў атаку на Кіеў.)

У сваю чаргу ўрад Італіі пад кіраўніцтвам былога прэмʼер-міністра Марыё Драгі, паводле Джонсана, у нейкі момант заявіў, што ня зможа падтрымаць пазыцыю іншых краін з прычыны залежнасьці ад расейскіх вуглевадародаў.

Пасьля ўварваньня Расеі стаўленьне эўрапейскіх лідэраў да вайны зьмянілася, расказаў Джонсан. «Усе — немцы, французы, італьянцы, (прэзыдэнт ЗША) Джо Байдэн — убачылі, што выбару проста няма. Бо з гэтым хлопцам (прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным) дамовіцца не ўдалося. Гэта ключавы момант», — адзначыў былы прэмʼер.

  • Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Нямеччына, Францыя і Італія заявілі аб падтрымцы Кіева. Яны далучыліся да санкцыяў супраць РФ, пастаўляюць Украіне зброю, а таксама паабяцалі дапамагчы аднавіць краіну пасьля вайны.
  • Борыс Джонсан займаў пасаду прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі ў 2019–2022 гадах. З пачаткам вайны краіна стала адным зь лідэраў у падтрымцы Ўкраіны. Сам Джонсан тройчы прыяжджаў у Кіеў пасьля пачатку ўварваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG