Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пробашч Завальнюк папрасіў дазволіць яму быць дворнікам пры Чырвоным касьцёле


Пробашч Чырвонага касьцёла Ўладзіслаў Завальнюк
Пробашч Чырвонага касьцёла Ўладзіслаў Завальнюк

Ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк напісаў заяву, у якой папрасіў дазволіць яму даглядаць тэрыторыю храма.

«Паколькі ў сувязі з тым, што з моманту інцыдэнту ўзгараньня ў закрыстыі касьцёла Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены прайшло два месяцы, і касьцёл зачынены, а парафіяльная дзейнасьць прыпынена, то я як пробашч парафіі ня маю магчымасьці праводзіць богаслужэньні. Таму, каб я мог прыносіць карысьць парафіі, прашу дазволіць мне з 21 лістапада 2022 году выконваць абавязкі дворніка для прыборкі тэрыторыі вакол Чырвонага касьцёла, якая на гэты момант не прыбіраецца».

Мінула амаль два месяцы з моманту, як улады забралі ў вернікаў Чырвоны касьцёл. Забраную тэрыторыю не даглядаюць.

Касьцёльны камітэт разгледзеў заяву і схіляецца да таго, каб вынесьці станоўчае рашэньне, бо двор і сапраўды патрабуе прыборкі, піша сайт Чырвонага касьцёла.

  • Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі адабраць будынак ад парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.
  • Ужо да 12 кастрычніка парафія мусіла забраць сваю маёмасьць з будынка. Але вернікаў і ксяндза не пускаюць у будынак касьцёла.
  • Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць. Сілавікі перашкаджалі малітве і іншых людзей, якія зьбіраліся каля сьвятыні.
  • 11 кастрычніка каталіцкая суполка накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў прыходу да агляду пашкоджаных пажарам збудаваньняў Чырвонага касьцёла ў Менску. Копія ліста разьмешчаная на сайце парафіі.
  • Парафіяне таксама заявілі, што пажар у храме быў невыпадковы, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб даваньні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.
  • 13 кастрычніка споўнілася 175 гадоў фундатару касьцёла Эдварду Вайніловічу. Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзяяч, мэмуарыст, нарадзіўся ў 1847 годзе. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у Менску ў памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.
  • У пачатку лістапада Менгарвыканкам адмоўна адказаў на зварот парафіянаў, забараніўшы ім маліцца бліжэй чым за 200 мэтраў ад касьцёла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG