З словаў капітана зборнай, спартоўцы аднагалосна прынялі такое рашэньне на знак салідарнасьці з удзельнікамі масавых пратэстаў, якія праходзяць у Іране. Падчас выкананьня музыкі футбалісты маўчалі, заўзятары сустрэлі іх учынак воплескамі.
Пасьля гэтага яны згулялі са зборнай Англіі. Матч скончыўся зь лікам 6:2 на карысьць ангельцаў.
Пратэсты ў Іране пачаліся ў верасьні пасьля гібелі 22-гадовай абаронцы правоў жанчын Махсы Аміні з курдзкай меншасьці. Аміні была затрыманая паліцыяй нораваў за тое, што зьняла хіджаб, з паліцэйскага ўчастку яе павезьлі ў лякарню, дзе яна празь некалькі дзён сканала. Пратэстоўцы лічаць, што прычынай яе сьмерці стала пабіцьцё.
Іранцы па ўсёй краіне, у тым ліку ў сталіцы, Тэгеране, трэці месяц працягваюць выступаць супраць паліцэйскага гвалту, а таксама за адхіленьне ад улады цяперашняга кіраўніка дзяржавы аяталы Алі Хамэнэі і за дэмакратызацыю краіны.
Паліцыя жорстка перасьледуе пратэстоўцаў: паводле зьвестак праваабаронцаў, падчас пратэстаў сілы дзяржаўнай бясьпекі забілі як мінімум 326 чалавек, у тым ліку 43 дзіцяці; больш за 15 тысяч чалавек арыштаваныя. 14 лістапада іранскі суд вынес першы сьмяротны прысуд удзельніку пратэстаў.
Тым часам іншая спроба зладзіць грамадзкую акцыю падчас чэмпіянату сьвету пакуль не адбылася.
Футбольныя асацыяцыі Англіі, Уэльсу, Бэльгіі, Даніі, Нямеччыны, Нідэрляндаў і Швайцарыі паведамілі, што капітаны іхных камандаў ня будуць надзяваць нарукаўныя павязкі з надпісам у падтрымку ЛГБТ+ на чэмпіянаце сьвету ў Катары. Яны патлумачылі гэта пагрозай санкцыяў супраць гульцоў з боку Сусьветнай фэдэрацыі футболу.
Катар — абсалютная манархія, міжнародная арганізацыя Freedom House адносіць яе да несвабодных краін. Улады краіны крытыкуюцца ў тым ліку і за парушэньні правоў сэксуальных меншасьцяў. Заканадаўства Катару дапускае сьмяротнае пакараньне для гомасэксуалаў праз пабіцьцё камянямі (хоць на практыцы такіх прысуаў не выносілі).