У Гомельскім абласным судзе 21 лістапада асудзілі палітзьняволенага Арсеня Чыжыка паводле ч. 1 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці») Крымінальнага кодэксу.
Судзьдзя Руслан Царук прызначыў яму 2 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.
Арсеня Чыжыка затрымалі ў Гомлі паводле «справы Зельцара». спачатку Арсеню ставілі ў віну два крымінальныя артыкулы: 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады») і 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»). Аднак адзін зь іх пазьней зьнялі.
Затрымалі валянтэра Ільлю Міронава
У Гомлі затрыманы вядомы валянтэр Ільля Міронаў. 21 лістапада яго выклікалі на «гутарку» у Савецкі РАУС. Адтуль ён не вярнуўся. Цяпер Ільля ў ізалятары часовага ўтрыманьня. У ягоным тэлефоне міліцыянты знайшлі падпіску на «экстрэмісцкі канал». Імаверна, заўтра будзе суд па артыкуле 19.11 КаАП («распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Нядаўна Ільля выйшаў з турмы.
Затрымалі былога міліцыянта, які цяпер вучыцца на мэдыка
Сёньня падчас заняткаў затрымалі студэнта-мэдыка Максіма Гуйдо, паведаміў Белсат.
Максіму 26 гадоў, ён вучыцца ў Беларускім дзяржаўным мэдычным каледжы.
Хлопец паступіў у каледж толькі сёлета, да гэтага ён 5 гадоў служыў па кантракце, а потым працаваў у міліцыі. У 2020 годзе звольніўся.