Вікарыя магілёўскай каталіцкай парафіі сьв. Антонія Падуанскага, віцэ-дэкана Магілёўскага дэканата ксяндза Віталя Чабатара асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту, паведамляе сайт Кatolik.life.
Сьвятара затрымалі 17 лістапада. Імаверна, нагодай для арышту сталі яго публікацыі ў сацыяльных сетках.
41-гадовы айцец Віталь Чабатар належыць да ордэна клярэтынаў, служыць у Магілёве 15 гадоў.
На працягу лістапада адміністрацыйныя арышты былі таксама прысуджаныя пробашчу парафіі ў Берасьці, грэка-каталіцкаму сьвятару Ігару Кандрацьеву і рэдактару газэты грэка-каталікоў «Царква» Ігару Бараноўскаму. Бараноўскага судзілі нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Абодва ўжо выйшлі на волю.
Затрыманы 31 жніўня клірык парафіі менскага храма Богаяўленьня ярэй Уладзіслаў Багамольнікаў да гэтага часу знаходзіцца пад вартай: яму прысудзілі шосты запар адміністрацыйны арышт.
Спачатку праваслаўнага сьвятара арыштавалі на 14 дзён, затым чатыры разы на 15 дзён, а потым зноў на 14.
42-гадовага Багамольнікава затрымалі пасьля ператрусу ў ягоным доме. Сутнасьць прэтэнзій, а таксама артыкулы КаАП, паводле якіх яго судзілі, невядомыя. Яго ўтрымліваюць у ізалятары на завулку Акрэсьціна ў Менску. Па дадзеных праваабаронцаў, там па-ранейшаму няма пасьцельнай бялізны, перадач з прадуктамі і чыстымі рэчамі не прымаюць, людзі ня маюць доступу да гігіенічных працэдур, пакутуюць ад пэдыкулёзу.