Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Машыну прадаў даражэй, чым купіў». Што адбываецца на рынку аўтамабіляў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аўтамабільны рынак Беларусі трапіў пад удар санкцыяў. Папулярныя брэнды зыходзяць. Вытворцы адмаўляюцца пастаўляць новыя машыны ў Расею і Беларусь. Тым часам беларусы кажуць, што прадаць ужыванае аўта цяпер лёгка – і за добрыя грошы. Расказваем некалькі рэальных гісторыяў.

«Я прадала машыну вельмі выгадна, як і мой пляменьнік»

Аксана (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя. — РС) увесну зьехала з Беларусі ў Польшчу. Жанчына прыехала на сваім аўтамабілі. Але нядаўна вырашыла яго прадаць у Беларусі.

«Бо цяпер такая сытуацыя, што ўсе машыны вельмі добра прадаюцца. Мяне напружвала, што мой аўтамабіль на беларускіх нумарах. Бо афіцыйна на іх можна езьдзіць у Польшчы толькі шэсьць месяцаў. Калі рабіць усё правільна, то трэба заплаціць за яго мыта. Гэта лішнія выдаткі. Вырашыла прадаць аўта ў Беларусь», — кажа Аксана.

Сама яна пабаялася ехаць на Радзіму, бо ня раз трапляла ў міліцыю, яе каралі штрафамі за «падпіску на дэструктыўныя рэсурсы». Аксана аформіла даверанасьць на сябра, гэта каштавала 25 злотых. Столькі ж заплаціла, каб засьведчыць подпіс. Сябра паехаў у Беларусь і прадаў там машыну.

«Гэта быў Citroën 2011 году выпуску. Мы яго купілі ў 2011 годзе за 19 тысяч даляраў. Тады ён быў практычна новы, была адна гаспадыня, але яна ня езьдзіла на ім. Цяпер прадалі за 6700 даляраў. Можна было і больш грошай выручыць, але мы сьпяшаліся. Думаю, каб не сьпяшаліся, то і за 8 тысяч даляраў маглі б прадаць. Прадалі вельмі хутка. Толькі разьмясьцілі абвестку — і тут жа адгукнуўся пакупнік. Ён і ўзяў аўта», — дадала Аксана.

Жанчына кажа, што выгадна прадаў аўтамабіль нядаўна і яе пляменьнік, які жыве ў Беларусі.

«Машыны проста „зьлятаюць“. Расейцы актыўна скупляюць усё, што ёсьць. Беларусы, якія хацелі купіць аўта і цягнулі, цяпер спужаліся, што ім нічога не застанецца, і таксама пачалі набываць», — кажа беларуска.

Узамен прададзенага аўтамабіля яна пакуль нічога не набыла.

«Вагаюся, ці наагул мне пакуль трэба аўтамабіль, бо ў горадзе, дзе я жыву, праблема з паркоўкамі», — дадала Аксана.

«Купіў за 2250 даляраў, прадаў за 3400»

Беларус Раман у 2021 годзе мусіў зьехаць у іншую краіну. Ён меў аўтамабіль Chrysler Sebring.

«Купіў яго ў 2019 годзе з прабегам 180 тысяч кілямэтраў. Аўта 2002 году выпуску. Заплаціў 2250 даляраў. Былі праблемы з кузавам, але мае сябры зрабілі ўсё якасна і танна. За ўсё, каб машына была ў парадку, заплаціў яшчэ тысячу даляраў. У 2021 вырашыў хуценька прадаць. Аддаў у салён, бо сам выехаў з краіны. Паставілі машыну на продаж за 3500 даляраў. У выніку прадалі за 3400, 500 аддаў за паслугу салёну, на рукі атрымаў 2900. Лічу, што продаж быў выгадным для мяне», — расказаў Раман.

Ён дадаў, што аўта было ў добрым стане, «практычна ідэальным».

«Прадалі, бо ў Польшчы за такія грошы можна купіць лепшае аўта»

Марыя ўлетку зь сям’ёй перабралася ў Польшчу. Яна мела аўтамабіль Opel Zafira 2008 году выпуску. Вырашыла прадаць машыну зь дзьвюх прычынаў: у Польшчы зь беларускімі нумарамі езьдзіць можна толькі шэсьць месяцаў, за такія ж грошы ў Польшчы можна купіць лепшае аўта.

«Набылі мы машыну ў 2012 годзе за 15 тысяч даляраў. Прабег быў тады 120 тысяч кілямэтраў. Вось яшчэ 10 гадоў каталіся. Дарэчы, аўта тады было прыгнанае з Польшчы. Я нядаўна паехала ў Беларусь і хутка прадала знаёмаму за 6 тысяч даляраў. Тут у Польшчы такое аўта каштуе 3500. Аўтамабіль быў у добрым стане, але з касмэтычнымі дэфэктамі — іржа на кузаве», — сказала Марыя.

Замест старой машыны яны з мужам купілі ў Польшчы Citroёn 2013 году выпуску за 5 тысяч даляраў.

«Адзін мінус, што на ім не паедзеш у Беларусь. Бо ён на польскіх нумарах, значыць, трэба будзе пры перасячэньні мяжы пакідаць заклад на суму мыта. Прычым пакідаеш заклад у эўра ці далярах, вяртаюць жа ў беларускіх рублях і паводле нізкага курсу», — дадала Марыя.

Яна лічыць, што магла б прадаць аўта ў Беларусі і даражэй «з улікам ажыятажу». Але не было часу чакаць.

Што кажуць пра рынак новых аўтамабіляў у Беларусі экспэрты

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя на сваім сайце падзялілася зьвесткамі пра стан аўтарынку.

Паводле БАА, рынак новых легкавых аўтамабіляў у кастрычніку 2022 году паказаў нязначны прырост у параўнаньні з верасьнем. Прадалі 452 легкавыя аўтамабілі, што на 86% менш у параўнаньні з кастрычнікам 2021 году. Рост стаў магчымы за кошт нарошчваньня аб’ёмаў продажу маркі Geely. І агульная доля кітайскіх марак у кастрычніку павялічылася да 62%.

Продажы астатніх брэндаў рэзка скарачаюцца. Брэнды, якія яшчэ вырабляюць для продажу, скарацілі аб’ёмы ў сярэднім на 95% у параўнаньні з 2021 годам. У выніку 10 месяцаў 2022 году рынку лідэрам застаецца марка Lada — 3 631 аўтамабіль.

Асацыяцыя піша, што цэны на аўтамабілі з траўня не павышаліся, на пэўныя маркі — зьменшыліся. Афіцыйны аўтамабільны рынак (пастаўкі машын афіцыйнымі каналамі да дылера. — РС) новых легкавых аўтамабіляў за год абрынуўся ў 10 разоў.

«У пэрыяд санкцыяў і паступовага сыходу з рынку (або часовага „замарожваньня“ дзейнасьці) большасьці марак відавочна, што ільвіная доля цяперашняга продажу новых (ці амаль новых, зь невялікім прабегам) аўтамабіляў — гэта пастаўкі, якія мы называем паралельным імпартам, якія закупляюць іншымі каналамі, прывозяць ў Беларусь з ускладненай лягістыкай, іншым цэнаўтварэньнем. Такія пастаўкі могуць у разы перавышаць афіцыйныя. І рэальны аб’ём рынку можа быць у два‐тры разы вышэйшы», — кажа Сяргей Самойла, сябра праўленьня Асацыяцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG