Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня: Беларусь разам з Іранам у эпіцэнтры крытыкі


Восьмы Кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня, Бэрлін, 15 лістапада 2022 г.
Восьмы Кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня, Бэрлін, 15 лістапада 2022 г.

У Бэрліне праходзіць 8-ы Сусьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня. У першы дзень, 15 лістапада, прайшла дыскусія пра інструмэнталізацыю сьмяротнага пакараньня ў палітычных мэтах. Беларусь і Іран згадвалі ў дыскусіі ў нэгатыўным кантэксьце.

У пытаньні сьмяротнага пакараньня цягам часу зьяўляюцца новыя выклікі, якія абмяркоўваюцца на Сусьветным кангрэсе. Для 8-га Кангрэсу такім выклікам сталі дзьве краіны: Іран і Беларусь, піша зьліквідаваны ўладамі Беларусі Праваабарончы цэнтар «Вясна».

У Іране сьмяротнае пакараньне пачалі выкарыстоўваць супраць пратэстоўцаў. А ў Беларусі сёлета ўлады пашырылі магчымасьці ўжываньня сьмяротнага пакараньня.

Зь іншага боку, усё больш краінаў, якія скасавалі ў сябе сьмяротнае пакараньне. Так, Сьера-Леонэ — апошняя на сёньня краіна, якая скасавала такі від кары. Пра гэта распавёў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда, які бярэ ўдзел у Кангрэсе.

«Зараз у Афрыцы дастаткова актыўна ідзе праца і робяцца крокі для таго, каб сьмяротнае пакараньне стала мінулай гісторыяй шмат для якіх краін».

«Жывуць у страху атрымаць кулю»

Пра тое, як сьмяротнае пакараньне стасуюць у Беларусі, удзельнікі Кангрэсу змаглі пачуць у відэавыступе лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай.

«Рэжым выкарыстоўвае сьмяротнае пакараньне як інструмэнт запалохваньня і рэпрэсіяў супраць свайго народу. Калі раней сьмяротнае пакараньне было чымсьці далёкім і абстрактным, дык цяпер многія палітычныя актывісты жывуць у страху атрымаць кулю. [...] Сёлета рэжым дадаў яшчэ тры крымінальныя артыкулы ў сьпіс для пакараньня сьмерцю. Цяпер чалавека могуць асудзіць на сьмерць за адну толькі „спробу ўчыненьня тэракту“. У сутнасьці, гэта пакараньне за „думзлачынства“.

Сьмяротнае пакараньне — рэальная пагроза тым, хто супраціўляецца расейскай акупацыі і выказвае салідарнасьць з Украінай: для нашых адважных „партызанаў“, якія сабатуюць працу чыгункі, каб спыніць рух расейскіх войскаў; для тых, хто далучаецца да ўкраінскай арміі або ўсяго толькі адпраўляе ёй грошы».

Беларускія абаліцыяністы за кратамі

Сусьветны кангрэс праходзіць раз на тры гады. Ён зьбірае на адной пляцоўцы палітыкаў, сьведкаў сьмяротнага пакараньня (адвакатаў і былых асуджаных), прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў.

«Мы сталыя ўдзельнікі Кангрэсу, — адзначыў Андрэй Палуда. — Для нас гэта важна, бо кампанія „Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі“ ёсьць часткаю вялікага руху абаліцыянізму ўва ўсім сьвеце. Нас добра ведаюць».

Але звычайна дэлегацыя беларускіх праваабаронцаў на Сусьветным кангрэсе была больш маштабнай, падкрэсьліў Андрэй Палуда:

«На жаль, нашыя калегі Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі, якія прымалі ўдзел у мінулых кангрэсах, цяпер у турме. Таму тут наша дэлегацыя ў скарочаным складзе».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG