Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі на саміце G20: «„Менску-3“ з Расеяй ня будзе»


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў лідараў G20 не прапаноўваць яго краіне ніякага мірнага пагадненьня, якое паставіла б пад пагрозу яе незалежнасьць ад Расеі. Заклік прагучаў на фоне нядаўна адноўленых кантактаў паміж Вашынгтонам і Масквой наконт будучыні вайны.

Зяленскі удзельнічаў у саміце на Балі празь відэасувязь на запрашэньне інданэзійскіх гаспадароў форуму ўсяго празь некалькі дзён пасьля таго, як Украіна вызваліла Херсон ад расейскай акупацыі — геройства, якое ён параўнаў з высадкай саюзных войскаў у Нармандыі ў «дзень D», ключавым паваротным момантам 2-й Сусьветнай вайны, піша Politico.

«Для Ўкраіны гэтая вызваленчая апэрацыя нашых сілаў абароны нагадвае многія бітвы мінулага, якія сталі пераломнымі ў войнах», — сказаў Зяленскі ў сваім выступе перад сусьветнымі лідэрамі.

Канкрэтна зьвяртаючыся да «дарагой G19» — лідэраў «Групы 20», ня ўлічваючы Расеі, — Уладзімір Зяленскі перасьцярог ад спробаў зрабіць Украіну слабейшай, чым яна была да таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пачаў паўнамаштабнае ўварваньне ў лютым.

«Я хачу, каб гэтая агрэсіўная расейская вайна скончылася справядліва і на падставе Статуту ААН і міжнароднага права», — сказаў Зяленскі ў сваёй прамове.

«Нельга прапаноўваць Украіне ісьці на кампрамісы з сваім сумленьнем, сувэрэнітэтам, тэрыторыяй і незалежнасьцю. Мы паважаем правілы і мы людзі слова».

Пуціна запрашалі на саміт, але на мінулым тыдні ён вырашыў не прысутнічаць, накіраваўшы замест сябе міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова.

У сваёй прамове Зяленскі адхіліў усякія перамовы накшталт тых, якія Кіеў вёў з Масквой раней пасьля таго, як Расея ўварвалася і анэксавала Крым у 2014 годзе, перш чым захапіць праз калябарантаў тэрыторыю на Данбасе ва ўсходняй Украіне.

«Нельга верыць словам Расеі, і ніякага „Менску-3“, які Расея парушыць адразу пасьля падпісаньня, ня будзе», — сказаў Зяленскі, маючы на ўвазе пагадненьні «Менск-1» і «Менск-2», падпісаныя ў 2014 і 2015 гадах пры пасярэдніцтве лідэраў Францыі і Нямеччыны ў так званым «нармандзкім фармаце». Яны меліся на той момант пакласьці канец вайне, але гэтага не адбылося.

Таксама Зяленскі падзякаваў іншым краінам, у тым ліку Кітаю, за крытыку пагрозаў Расеі ўжыць ядзерную зброю.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG