Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн абняў Сі Цзіньпіна перад пачаткам першай асабістай сустрэчы двух лідэраў


Кітайскі лідэр Сі Цзіньпін і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сустрэліся ў панядзелак для доўгачаканых перамоваў, бо адносіны паміж іхнымі краінамі на найніжэйшым узроўні за апошнія дзесяцігодзьдзі.

Таксама, паводле агенцтва Reuters, адносіны паміж дзьвюма краінамі азмрочаныя рознагалосьсямі ў мностве пытаньняў — ад Тайваню да гандлю.

Два лідэры праводзяць першыя асабістыя перамовы з таго часу, як Байдэн стаў прэзыдэнтам. Сустрэча адбываецца на інданэзійскім востраве Балі перад самітам G20, які, як чакаецца, пройдзе у атмасфэры напружанасьці з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Лідэры ўсьміхаліся, цёпла паціскаючы адзін аднаму рукі перад шэрагам кітайскіх і амэрыканскіх сьцягоў у бальнай залі раскошнага гатэлю Mulia у бухце Нуса-Дуа на Балі.

«Проста прыемна вас бачыць», — сказаў Байдэн Сі Цзіньпіну, абняўшы яго і дадаўшы ў выступе перад журналістамі, што ён імкнецца падтрымліваць адкрытыя лініі сувязі на асабістым і дзяржаўным узроўні.

«Я лічу, што як лідэры нашых дзьвюх краін мы падзяляем адказнасьць за тое, каб паказаць, што Кітай і Злучаныя Штаты могуць даць рады нашым рознагалосьсям, не дапусьціць, каб канкурэнцыя... перарасла ў канфлікт, і знайсьці спосабы сумеснай працы ў неадкладных глябальных пытаньнях, якія патрабуюць нашай узаемнай супрацы».

Байдэн назваў зьмену клімату і адсутнасьць харчовай бясьпекі праблемамі, разьвязаньня якіх сьвет чакае ад дзьвюх дзяржаваў.

У адказ Сі сказаў, што адносіны паміж іхнымі краінамі не адпавядаюць глябальным чаканьням.

«Таму нам трэба намеціць правільны курс для кітайска-амэрыканскіх дачыненьняў. Нам трэба знайсьці правільны кірунак для разьвіцьця двухбаковых адносінаў і ўзьняць іх на новы ўзровень», — сказаў Сі.

«Сьвет чакае, што Кітай і Злучаныя Штаты будуць належным чынам рэгуляваць адносіны», — сказаў ён і дадаў, што зь нецярплівасьцю чакае сумеснай працы з Байдэнам, каб вярнуць адносіны ў правільнае рэчышча.

Ніводзін зь лідэраў ня меў маскі на твары для абароны ад COVID, хоць іх мелі чальцы дэлегацыяў.

Чакаецца, што асноўнымі тэмамі абмеркаваньня будуць Тайвань, Украіна і ядзерныя амбіцыі Паўночнай Карэі, пытаньні, якія таксама будуць дэбатавацца на саміце G20, які пройдзе без удзелу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG