Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасланьнік Папы Рымскага: Нягледзячы на цяжкасьці, Сьвяты Пасад гатовы садзейнічаць захаваньню правоў усіх грамадзян Беларусі


Нунцый Ватыкану ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч
Нунцый Ватыкану ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч 11 лістапада на ўрачыстым прыёме да 30-годзьдзя ўстанаўленьня дыпляматычных адносінаў паміж Менскам і Ватыканам заявіў пра гатоўнасьць Ватыкану працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

«Нягледзячы на цяперашнія цяжкасьці і шэраг праблем, якія патрабуюць узважанага падыходу і канкрэтных неадкладных рашэньняў, Сьвяты Пасад па-ранейшаму застаецца адкрытым для рэалізацыі сумесных з Рэспублікай Беларусь намаганьняў, скіраваных на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, дапамогу маючым патрэбу і церпячым, забесьпячэньне міру, стабільнасьці, дабрабыту і захаваньня правоў усіх грамадзян незалежна ад іх поглядаў і перакананьняў», — цытуе Антэ Ёзіча сайт каталіцкага касьцёла ў Беларусі.

Ён выказаў надзею на «далейшае ўмацаваньне і разьвіцьцё» двухбаковых адносінаў «на карысьць шматлікай супольнасьці вернікаў каталікоў у Беларусі, а таксама ўсяго беларускага народа» і заклікаў усіх «працамі і малітвамі усяляк гэтаму садзейнічаць».

Перасьлед каталікоў у Беларусі пасьля 2020 году

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўсьлед за народнымі выступамі.

Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які тады быў мітрапалітам Менска-Магілёўскім, улады амаль 4 месяцы з надуманых прычын не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы. Пытаньне было вырашана на ўзроўні Лукашэнкі і Папы Францішка пры пасярэдніцтве дыпляматаў дзьвюх краінаў — беларускаму герарху дазволілі ўехаць у краіну напярэдадні Калядаў, 24 сьнежня 2020 году. Аднак празь 10 дзён, 3 студзеня 2021 году, у дзень 75-годзьдзя Кандрусевіча, Папа Рымскі адправіў яго на пэнсію.

За апошнія два гады некаторыя каталіцкія сьвятары прайшлі праз затрыманьні, суды і арышты па палітычных матывах, некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Адну з самых актыўных каталіцкіх супольнасьцяў — парафію св. Сымона і Алены — пазбавілі магчымасьці маліцца ў знакавым для Менску Чырвоным касьцёле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG