Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік, зь якога пачынаеш любіць літаратуру. Некалькі прынагодных слоў пра Робэрта Льюіса Стывэнсана


Робэрт Льюіс Стывэнсан, «Востраў скарбаў». Выданьне Palazzo Editions 2005 з малюнкамі Робэрта Інгпэна
Робэрт Льюіс Стывэнсан, «Востраў скарбаў». Выданьне Palazzo Editions 2005 з малюнкамі Робэрта Інгпэна

Сёньня дзень нараджэньня ў шатляндзкага пісьменьніка Робэрта Льюіса Стывэнсана (1850–1894). Магчыма, у нас гэта ўжо прызабыты аўтар, але на Захадзе ён далей лічыцца актуальным клясыкам англамоўнай літаратуры, кнігі якога раз-пораз узнаўляюцца і чытаюцца ўсё новымі пакаленьнямі ўдзячных чытачоў.

Шатляндзкі?

Калі я ўпершыню пачуў імя Робэрта Льюіса Стывэнсана і ўзяў у рукі ягоную кнігу — быў гэта гістарычна-прыгодніцкі раман «Чорная страла» ў польскім перакладзе, пазычаны зь бібліятэкі вясковай школы на Падляшшы больш чым паўстагодзьдзя таму — мяне, зразумела, не хвалявала пытаньне, чаму Стывэнсана называюць шатляндзкім пісьменьнікам, а не ангельскім, то бок паводле мовы, на якой ён пісаў.

Робэрт Льюіс Стывэнсан
Робэрт Льюіс Стывэнсан

Праўдападобна, я тады і ня ведаў, існуе шатляндзкая мова ці не. Цяпер ведаю, што існуе, і то не адна, а прынамсі цэлых дзьве: кельцкая пад назвай Gàidhlig (гэльская шатляндзкая, Scottish Gaelic) і германская пад назвай скотс (Scots). Ну і яшчэ тыя, каму пашанцавала паслухаць, як гавораць, напрыклад, дэпутаты ў шатляндзкім парлямэнце, без сумневу заўважылі, што ангельская мова ў іх даволі асаблівая, то бок моцна не такая, як у Лёндане ці Нью-Ёрку. Значыць, ёсьць і трэцяя — Scottish English.

У 2016 годзе я выбраўся на лінгвістычную канфэрэнцыю ў Глазга, другім па колькасьці жыхароў горадзе Шатляндыі, і там пачуў усе гэтыя тры мовы. А да таго, прыехаўшы зь лётнішча ў горад і пытаючы дарогу да студэнцкага хостэла, дзе раней замовіў начлег, я пачуў яшчэ з паўтузіна «рэгіянальных» варыянтаў ангельскай мовы. Інакш кажучы, людзі мне адказвалі не на «высокім» варыянце Scottish English, на якім гавораць у парлямэнце і ў тэлевізары, а на сваіх, так сказаць, ашмянскіх або ганцавіцкіх разнавіднасьцях ангельскай.

Карацей, вы ўжо адчулі, да чаго я вяду. Можна быць першаклясным шатляндзкім пісьменьнікам, пішучы па-ангельску. І можна быць шатляндзкім нацыяналістам, ня ведаючы кельцкай мовы сваіх продкаў, а гаворачы ўсяго на «трасянцы» з фанэтычнымі, марфалягічнымі і лексычнымі асаблівасьцямі свайго роднага рэгіёну (напрыклад: Argyll, Nairn, Aberdeenshire). Шатляндцы неяк з гэтым ужываюцца. А як мы — з нашай расейскай, «трасянкай» ды палескай і падляскай мікрамовамі?

Піраты, шляхетныя рыцары і дамы ды чорныя нягоднікі

Літаратурнай знакамітасьцю Стывэнсан стаў пасьля публікацыі прыгодніцкага раману «Востраў скарбаў» («Treasure Island»), які зьяўляўся ў сэрыях у 1881–1882, а кніжкай выйшаў 14 лістапада 1883 году, то бок амаль 140 гадоў таму. «Востраў скарбаў», можна сказаць, стаў «архетыпным» літаратурным творам, што тычыцца выяўленьня вобразу піратаў у масавай культуры, з такой характэрнай атрыбутыкай, як бязьлюдныя трапічныя астравы, таемныя мапы з пазначаным месцам схаваных скарбаў, аднаногія маракі з папугамі або малпачкамі на плячах, etc. Цяжка палічыць, колькі разоў «Востраў скарбаў» адаптавалі для кіно з моманту выхаду гэтага раману. Ну і нельга палічыць тых мільёнаў юных чытачоў, якія пасмакавалі літаратуру, пачынаючы сваё чытацкае падарожжа з гэтай кніжкі. На беларускую мову раман пераклаў Алесь Асташонак (1993).

Згаданую мною «Чорную стралу» Стывэнсан выдаў кніжкай у 1888 годзе. Гэта адначасова і гістарычна-прыгодніцкі, і любоўны раман. Падзеі раману разгортваюцца ў другой палове XV стагодзьдзя ў Англіі, падчас гэтак званай Вайны пунсовай і белай ружаў. Чытачу, аднак, ня варта чытаць гісторыю Англіі таго пэрыяду, каб зразумець, пра што вядзецца ў рамане. Стывэнсан сам усё знакаміта выкладвае і тлумачыць праз пэрсанальную гісторыю свайго героя: юнак Рычард (Дык) Шэлтан становіцца рыцарам, ратуе ад сьмерці даму свайго сэрца і дамагаецца справядлівасьці за забойства свайго бацькі, у якім вінаваты ягоны апякун, нягоднік і ў дадатак сэр Джон Брэклі. Каб перамагчы гэтага чорнага нягодніка, Дык уцякае з-пад ягонага апякунства і далучаецца да гурту выгнаньнікаў-разбойнікаў пад назвай «Чорная страла», што робіць яго ўдзельнікам шырэйшага гістарычнага канфлікту таго часу. На беларускую «Чорную стралу» пераклаў Віктар Гардзей (1999).

Мой улюбёны твор Стывэнсана — «Выкрадзень» («Kidnapped», 1886). Тут круты сюжэт раману ўстаўлены ў гісторыю Шатляндыі сярэдзіны XVIII стагодзьдзя. Недасьведчанага 17-гадовага Дэйвіда Балфура ягоны нягоднік-дзядзька Эбэнэзэр, каб пазьбегчы перадачы спадчыны хлопцу, падступна аддае ў рукі піратаў. Піраты вязуць Дэйвіда ў Амэрыку, каб прадаць яго ў рабства, але іхны карабель трапляе ў шторм і цярпіць крушэньне, а Дэйвід цудам выратоўваецца і вяртаецца на ўзьбярэжжа Шатляндыі, сустракаючы пры нагодзе «якубіта» (прыхільніка аднаўленьня на ангельскім троне дому Ст'юартаў) Алана Брэка. А потым закручваецца такое… У 1893 годзе Стывэнсан выдаў «сыквэл» да «Выкрадня» — раман «Катрыёна» («Catriona»). «Выкрадня», як здаецца, на беларускую не перакладалі. Вельмі шкада. Цяпер ужо, мабыць, позна.

Пісьменьнік для падлеткаў?

Творчасьцю Робэрта Льюіса Стывэнсана захапляліся і высока яе цанілі такія пісьменьнікі, як Генры Джэймс, Хорхэ Люіс Борхэс, Эрнэст Гэмінгуэй, Уладзімір Набокаў… Няўжо яны ў душы засталіся падлеткамі і чыталі-перачытвалі такія рэчы, як «Востраў скарбаў» і «Чорная страла», таксама ў сталым веку? Малаімаверна.

Уплыву Стывэнсана на сусьветную літаратуру мы не зразумеем, калі не згадаць тут такога ягонага твору, як «Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містэра Гайда» («Strange Case of Dr. Jekyll and Mr. Hyde», 1886). Як і ў выпадку «Вострава скарбаў», і гэты твор можна назваць «архетыпным» у літаратуры, што тычыцца «падваеньня» ці «раздваеньня» асобы, то бок фэномэну, калі ў адным чалавечым целе жывуць дзьве розныя мэнтальнасьці і індывідуальнасьці. Доктар Джэкіл і містэр Гайд — гэта адвечнае суіснаваньне дабра і зла ў адным чалавечым характары. Твор Стывэнсана — адзін зь бясспрэчных шэдэўраў сусьветнай літаратуры. Наколькі мне вядома, не перакладаўся на беларускую мову. Таксама шкада.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG