Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады назвалі імшу ва ўнутраным двары Чырвонага касьцёла «масавым мерапрыемствам» і забаранілі


Міліцыянты перашкаджаюць вернікам маліцца побач з Чырвоным касьцёлам у Менску
Міліцыянты перашкаджаюць вернікам маліцца побач з Чырвоным касьцёлам у Менску

У адказе на зварот вернікаў Чырвонага касьцёла, які пацярпеў ад пажару, Менгарвыканкам зазначыў, што правядзеньне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку рэлігійных, на адлегласьці менш за 200 мэтраў ад будынку ўраду Беларусі не дапускаецца.

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт разгледзеў сумесны зварот рэлігійнай суполкі «Рымска-каталіцкая парафія Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены» і парафіян аб правядзеньні набажэнстваў у галоўнай залі, уваходнай групе зашклёнага памяшканьня галерэі Чырвонага касьцёла альбо ва ўнутраным дворыку комплексу касьцёла.

У адказе сказана, што па факце ўзгараньня 26 верасьня 2022 рашэньнем уладаў правядзеньне імшы ў асобных памяшканьнях сьвятыні ня ёсьць магчымым.

Наконт правядзеньня імшы ў сьветлую пару ва ўнутраным дворыку комплексу касьцёла Сьвятых Сымона і Алены Менгарвыканкам адказаў , што ў адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах» набажэнствы ў спэцыяльна прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам адносяцца да масавых мерапрыемстваў.

«Згодна з 3 арт. 9 Закона Рэспублікі Беларусі „Аб масавых мерапрыемствах“ не дапускаецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку рэлігійных, на адлегласьці менш за 200 мэтраў ад будынку Савету Міністраў Рэспублікі Беларусі», — гаворыцца ў лісьце Менгарвыканкаму да парафіян Чырвонага касьцёла.

  • Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі адабраць будынак ад парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.
  • Ужо да 12 кастрычніка парафія мусіла забраць сваю маёмасьць з будынка. Але вернікаў і ксяндза не пускаюць у будынак касьцёла.
  • Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк, які ўжо больш за тыдзень трымае «чысты пост», 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць. Сілавікі перашкаджалі малітве і іншых людзей, якія зьбіраліся каля сьвятыні.
  • 11 кастрычніка каталіцкая суполка накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў прыходу да агляду пашкоджаных пажарам збудаваньняў Чырвонага касьцёла ў Менску. Копія ліста разьмешчаная на сайце парафіі.
  • Парафіяне таксама заявілі, што пажар у храме быў невыпадковы, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб даваньні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.
  • 13 кастрычніка споўнілася 175 гадоў фундатару касьцёла Эдварду Вайніловічу. Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзяяч, мэмуарыст, нарадзіўся ў 1847 годзе. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у Менску ў памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG