Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Высокія чыноўнікі апасаюцца мэдыкаў і ідуць на прыём з аховай». Дактары — пра стан мэдыцыны


Ці стала больш анкалягічных хворых у Беларусі праз COVID-19? Ці лечыць каранавірус ад раку? Ці можа каранавірус у пэўных выпадках падштурхнуць рост ракавых клетак? У якім стане цяпер беларуская мэдыцына ва ўмовах рэпрэсій і жорсткіх міжнародных санкцый?

Абмяркоўваюць анколяг Надзея Пятроўская, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, і Лідзія Тарасенка, гастраэнтэроляг і эндаскапіст, каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці, былая загадчыца аддзяленьня эндаскапіі ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі.

«Захворвальнасьць на анкалягічныя хваробы расьце ва ўсім сьвеце, у Беларусі кожны год іх прыкладна на тысячу больш, чым у папярэдні»

— Тое, што пасьля пандэміі каранавірусу ва ўсім сьвеце павялічыцца колькасьць анкалягічных хворых, было прагназавана. Надзея, Лідзія, давайце патлумачым, чаму гэта адбываецца. І якая агульная сытуацыя з анкалягічнымі хваробамі пасьля пандэміі ў сьвеце і ў Беларусі?

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская: Мы маем добра апрацаваную статыстыку толькі за 2020 год. Як і меркавалася, ёсьць зьніжэньне колькасьці выяўленых выпадкаў раку ўсіх лякалізацый ва ўсіх краінах. Зьвязана гэта было з карантыннымі захадамі і з абмежаваньнем скрынінгавых праграм, з малым наведваньнем прэвэнтыўных аглядаў. Што тычыцца 2021 году. Я прыехала ў Чэхію на пачатку 2021 году, калі ўжо зьявілася вакцына. Грамадзтва паціху прышчаплялася, і на сёньня ў Чэхіі каля 60% прышчэпленых, карантынныя абмежаваньні зьнятыя. Пакуль цяжка меркаваць, наколькі ў Чэхіі павялічылася колькасьць пухлінных хвароб у прасунутых стадыях.

Што да інфармацыі, якую мы маем зь Беларусі — на гэтую тэму калегі гавораць вельмі асьцярожна. Многія адзначаюць перагрузкі, але хутчэй гэта зьвязана з кадравым дэфіцытам, чым з рэальным павелічэньнем колькасьці пухлінных захворваньняў. У любым выпадку, дадумваць — справа няўдзячная. Трэба крыху пачакаць магчымасьці прааналізаваць статыстыку 2021 году і хаця б паўгадавую статыстыку 2022 году, каб канкрэтна сказаць, ці маем мы рост прагрэсіўных стадый або ўвогуле пухлінных хваробаў у цэлым, ці гэта ваганьні, якія не зьвязаныя з пандэміяй і карантыннымі мерапрыемствамі.

— Дактары ў Беларусі на ўмовах ананімнасьці гавораць пра вялікую колькасьць пацыентаў у анколягаў. Я гаварыла з многімі анкапацыентамі, якія атрымалі гэты дыягназ сёлета, і ўсе яны расказваюць пра цяжкую каранавірусную хваробу і тое, што зацягнулі з своечасовым зваротам да лекара...

Лідзія Тарасенка
Лідзія Тарасенка

Лідзія Тарасенка: Захворвальнасьць на анкалягічныя хваробы расьце ва ўсім сьвеце, у Беларусі кожны год іх прыкладна на тысячу больш, чым у папярэдні год. Такая тэндэнцыя захоўвалася на працягу пяці і больш апошніх гадоў. Колькасьць выяўленых анкалягічных захворваньняў падчас пандэміі сапраўды зьніжалася, але колькасьць выяўленых ня роўная колькасьці захварэлых. Гэта колькасьць людзей, якія дайшлі да мэдычнай установы, у якіх выявілі хваробу. Пры гэтым колькасьць захварэлых працягвае расьці.

Якая сытуацыя ў Беларусі, мы можам толькі дадумваць. У навуцы сьведчаньні канкрэтнага чалавека — гэта самы нізкі ўзровень даказальнасьці. У нас ёсьць статыстычныя мэтады, якія дазваляюць нам атрымліваць больш адэкватную і праўдзівую інфармацыю. Чалавек можа памыляцца. Тое, што я недзе чуў, нехта мне штосьці сказаў, — на жаль, гэта ненадзейныя дадзеныя, па якіх цяжка арыентавацца.

Мы мяркуем, што колькасьць дактароў і пэрсаналу зьмяншаецца, абсталяваньне лепшым не становіцца. Але што насамрэч адбываецца, мы ня ведаем. Беларусь усё больш становіцца чорнай скрыняй. Гэта вельмі сумна, трагічна, катастрафічна для людзей, якія знаходзяцца ўнутры краіны, але рабіць канкрэтныя высновы мы насамрэч ня можам.

— А калі гаварыць пра сытуацыю ў сьвеце?

Лідзія Тарасенка: На сёньня назапашаная добрая статыстыка, якая кажа, што, па-першае, ковід ні ў якім разе ня лечыць рак. Калі мы зойдзем на PUBMED (Nation Library of Medicine) і набяром два словы «COVID-19» і «рак», то пабачым вялікую колькасьць артыкулаў. Я сёньня якраз правярала — 24 зь нечым тысячы пошук выдае. У многіх зь іх ёсьць дакладная тэндэнцыя — наяўнасьць раку пагаршае цячэньне ковіду, ні ў якім разе ковід нікога ня вылечыў.

Ёсьць добрая статыстыка пра тое, што затрымка зь лячэньнем анкалягічных захворваньняў нават на месяц пагаршае вынікі лячэньня. А ковід, натуральна, зацягвае ўсе гэтыя працэсы. На жаль, гэта дрэнная сытуацыя для ўсяго сьвету, розныя краіны спраўляюцца з гэтым па-рознаму. Мы выйшлі з стану жорсткай пандэміі, людзі вяртаюцца да нармальных скрынінгавых праграмаў, але ковід дрэнна ўдарыў па чалавецтву ў цэлым.

«Людзей у мэдыцыне становіцца меней, зацікаўленасьць у сваёй працы зьніжаецца»

— Мы маем шмат сьведчаньняў і ад дактароў, і ад хворых на рак у Беларусі пра рост анкалягічных хваробаў, прычым ня ў першай стадыі, а ў больш запушчаных. Гэта можна было б прадухіліць, калі б рабілася своечасовая дыягностыка. А яе многія прапусьцілі, бо не хацелі падчас пандэміі лішні раз хадзіць да доктара, або таму, што профільныя аддзяленьні былі перапрафіляваныя пад лячэньне каранавірусных хворых. І цяпер гэтыя адкладзеныя візыты даюць вялікую нагрузку на анкалягічную галіну, і плюс горшыя прагнозы на лячэньне для хворых. Надзея, Лідзія, што вам вядома пра сытуацыю ў анкалягічных цэнтрах, аддзяленьнях у Беларусі ад былых калегаў, якія працягваюць працаваць?

Надзея Пятроўская: Найперш хочацца зьвярнуць увагу на даволі складаны псыхалягічны фон працы. Прысутнічае страх. Пра гэта кажуць многія мае калегі. Людзі баяцца гаварыць нават на нейкія побытавыя тэмы. Безумоўна, гэта адбіваецца нэгатыўна і на якасьці працы, і на ўзаемаадносінах пацыент-доктар. Я па сабе памятаю, наколькі важныя кантакты з пацыентамі ці зь іх бацькамі. Цяпер гэта зводзіцца хутчэй да абмеркаваньня нейкіх фармальных рэчаў. Працягваюць сыходзіць высокакваліфікаваныя кадры з розных галін мэдыцыны. Дактары зьяжджаюць з краіны, і гэты трэнд не ідзе на спад, а расьце.

Лідзія Тарасенка: Людзей у мэдыцыне становіцца меней, зацікаўленасьць у сваёй працы зьніжаецца. У кожным шпіталі зьявіўся намесьнік галоўнага лекара па кадрах (яны па-рознаму называюцца), яны падмялі пад сябе ўсю кадравую палітыку. Калі ў крывой «ляяльнасьць — прафэсіяналізм» сьцертыя сьляды прафэсіяналізму, а галоўнае — ляяльнасьць, то ўсё чакана. Рабства не бывае эфэктыўным спосабам кіраваньня, інакш ад яго б не адмовіліся тысячы гадоў таму. Навошта цяпер да яго прыходзіць зноў, мне незразумела.

Пакутуюць ад гэтага ўсе. І мэдычныя работнікі, і пацыенты, і тыя, хто гэты трэш робіць. Цяпер з розных крыніц прыходзіць інфармацыя, што палітычных зьняволеных прывозяць у шпіталі з аховай, і што прыходзяць з аховай і высокапастаўленыя чыноўнікі, таму што маразм дайшоў да такой ступені, што гэтыя людзі баяцца, што мэдработнікі прычыняць ім шкоду. Я не магу гарантаваць 100% дакладнасьці гэтай інфармацыі, яна да мяне паступіла з розных крыніц. У цяперашняй сытуацыі ў гэта цалкам лёгка паверыць.

«Ва ўмовах пандэміі нельга дазваляць сабе неправераныя тэорыі і выказваць іх»

— Як на гэтым тле выглядаюць ранейшыя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ковід можа лячыць рак?

Надзея Пятроўская: Я намерана імкнулася пазьбягаць камэнтаваць гэты тэзіс зь некалькіх прычын. Я вельмі паважаю людзей, якія працуюць у Інстытуце анкалёгіі і прыкладаюць усе намаганьні, нягледзячы на складаную палітычную, эканамічную і прафэсійную сытуацыю, каб дапамагаць людзям. Адным з тэзісаў у пацьвярджэньне гэтай тэорыі было тое, што ліхаманка, якая суправаджае інфэкцыю ковід-19, нібы зьяўляецца варыянтам гіпэртэрміі, якую ў Інстытуце анкалёгіі ўжо дастаткова доўгі час выкарыстоўваюць у якасьці мадыфікуючага спосабу лячэньня анкалягічных хваробаў. Мадыфікуючага, не асноўнага, аднаго з варыянтаў, які дапамагае асноўным мэтадам лячэньня.

Я працавала ў аддзяленьні гіпэртэрміі і з гэтай прычыны не хацела б камэнтаваць гэтую інфармацыю. Безумоўна, гэта абсурд. Як гэта было пададзена з вуснаў прэзыдэнта, то найбольш верагодна, што сказана гэта было яму крыху інакш. Я разумею, што ва ўмовах пандэміі нельга дазваляць сабе неправераныя тэорыі і выказваць іх. Я думаю, што гэта было вырвана з кантэксту, інакш бы гэта не выглядала настолькі анэкдатычна і жахліва.

— «Мы памыліліся, гэта была гіпотэза, якая не знайшла пацьверджаньня». Ці прагучыць такая фраза калі-небудзь?

Лідзія Тарасенка: Калі ў нас хтосьці з чыноўнікаў выбачаўся ці сыходзіў у адстаўку пасьля нейкага скандалу? Ніколі такога не было. У гэтым абсурдным цырку такога настолькі шмат, што ты ня ў стане адрозьніць, дзе рэальная навіна, а дзе нейкі мэм.

«Пакуль рана гаварыць, наколькі ковід зьяўляецца правакатарам разьвіцьця пухлінных хваробаў»

— Доўгатэрміновыя наступствы ўзьдзеяньня на арганізм каранавірусу яшчэ вывучаюцца, але відавочна, што гэта цяжкая хвароба, якая можа справакаваць самыя розныя хваробы. Што ў сьвеце вядома пра тое, ці можа каранавірус у пэўных выпадках падштурхнуць рост ракавых клетак?

Надзея Пятроўская: На сёньня мы ведаем пра дакладную трывалую сувязь некалькіх групаў вірусаў з пухліннымі хваробамі. Гэта вірус папілёмы чалавека, вірус герпесу, цытамэгалявірус (CMV) і вірус Эпштэйна-Бар. Што тычыцца каранавірусу, то чалавецтва зь ім дастаткова даўно знаёма. Мы мелі інфармацыю яшчэ да ковіду, што захворваньне на MERS у вялікага працэнту цяжарных жанчын на Блізкім Усходзе прыводзіла да сьмерці. Але наколькі каранавірус можа актываваць протаанкагены і блякаваць нейкія гены-супрэсары пухліннага росту, на сёньня адназначнага адказу няма. Гэта вывучаецца. Пакуль рана гаварыць, наколькі ковід зьяўляецца правакатарам разьвіцьця пухлінных хваробаў. Меркаваць пра гэта можна, але пакуль няма ані дадзеных «за», ані дадзеных «супраць».

«Ізаляцыя прывядзе галіну калі не да заняпаду, то адназначна да зьніжэньня якасьці аказаньня мэдычнай дапамогі»

— Якая сытуацыя ўласна ў беларускай анкалёгіі цяпер? Вядома, што ў апошнія дзесяць гадоў шмат у якіх анкалягічных цэнтрах зьявілася сучаснае абсталяваньне. Яно патрабуе абслугоўваньня, закупу пэўных матэрыялаў у вытворцаў. У сувязі з санкцыямі, кепскай эканамічнай сытуацыяй і ізаляцыяй Беларусі што адбываецца з абсталяваньнем, магчымасьцю набываць сучасныя прэпараты, новыя тэхналёгіі? Наколькі гэта крытычна для анкалягічнай галіны? Што будзе, калі закупы ўсяго неабходнага будуць рабіцца не ў ЭЗ і ЗША, а ў Расеі, Індыі і Кітаі?

Надзея Пятроўская: І ў лепшыя часы не было грошай на мэдыцыну, і ў «махровыя» двухтысячныя не заўсёды ўдавалася закупіць самае перадавое абсталяваньне. Тое, што анкалягічная сфэра была дастаткова прагрэсіўнай, — заслуга лідэраў галіны і калектыву. І, вядома, гэта адкрытасьць да міжнароднай інфармацыі, міжнародных навуковых дадзеных. Цяпер Беларусь закрываецца жалезнай заслонай. Малаверагодна, што гэта паўплывае нейкім пазытыўным чынам.

Зразумела, што ізаляцыя прывядзе галіну калі не да заняпаду, то адназначна да зьніжэньня якасьці аказаньня мэдычнай дапамогі. Што тычыцца прэпаратаў, на сёньня я ня чула, каб быў выразны дэфіцыт базавых прэпаратаў. Ёсьць дэфіцыт прэпаратаў з шэрагу больш прасунутых, і пацыенты часам вымушаныя ехаць у краіны Эўропы, каб купіць за свае грошы прэпараты, якіх няма ў Беларусі.

— Раней шмат анкалягічных хворых прыяжджалі з розных краінаў сьвету лячыцца ў Беларусі за грошы, і гэтыя сродкі ішлі ў тым ліку і на разьвіцьцё анкалягічнай галіны. Выглядае, што цяпер мэдычнага турызму істотна паменела...

Надзея Пятроўская: Безумоўна. Платныя паслугі захоўваюцца ў рамках краіны для сваіх грамадзян. Экспарт паслуг сыходзіць на няма нішто. Цалкам магчыма, што грамадзяне Расеі яшчэ зьяўляюцца спажыўцамі нашых мэдычных паслуг.

Лідзія Тарасенка: Мэдыцына ў Беларусі заўсёды разьвівалася ня дзякуючы, а насуперак. За любым прагрэсам, які выстаўлялі як дасягненьне дзяржавы, заўсёды стаяла канкрэтная асоба, якая шляхам неймаверных намаганьняў, асабістай харызмы, знаёмстваў, асабістага часу прабівала нейкі шлях. Усё, што трэба было рабіць, — не перашкаджаць такім людзям. Іх насамрэч няшмат трэба на маленькую Беларусь, і гэта дае надзею на тое, што ў будучыні ў нас будзе шанец на адбудову — праз тое, што гэтыя людзі ўключацца нейкім чынам.

З усяго, чаго дамагалася беларуская мэдыцына, я не магу згадаць таго, што б было зроблена зьверху па волі чыноўнікаў ад мэдыцыны. Хоць сярод людзей, якія ішлі ў кіраваньне, таксама былі вельмі клясныя людзі. Але каб гэта было сыстэмнае рашэньне, а не асобы штурхалі, такога ніколі не было. Усё было насуперак. І гэтых людзей сыстэмна выштурхоўвалі з сыстэмы аховы здароўя, прысвойваючы сабе вынікі, якія хутка зьнікалі пасьля зьнікненьня асобы.

З абсталяваньнем ніколі не было ўсё цудоўна. На маёй памяці (я працую з 2008 году), у раёне 2014 году ў нас была найлепшая сытуацыя з абсталяваньнем. У нейкі момант існаваў шлях (не праз хабар і дагаварняк) для пацыента практычна зь любой хваробай, каб яго правесьці ад дыягностыкі да лячэньня даволі якасна. Стаматалёгія была заўсёды на някепскім узроўні і некаторыя іншыя галіны мэдыцыны. Можна было прыехаць і зь іншай краіны і якасна палячыцца. Але ніколі гэта не было паўсюль добра. Усё сыходзіць цяпер.

Напрыклад, закупленае ў 2016 годзе эндаскапічнае абсталяваньне (а яно кволае) знасілася, і немагчыма гаварыць, што падтрымліваецца ўзровень, які быў на момант куплі. На жаль, усё ламаецца, выходзіць са строю. Усё меней людзей, якія хочуць гэтае абсталяваньне прывозіць, пастаўляць пад рызыкай пасадкі. Рамантаваць яго таксама асабліва няма каму. Тое, што «Белмэдтэхніка» спрабуе пад сябе «падмяць» усе працэсы, пачынаючы ад заявак, заканчваючы рамонтам абсталяваньня, — гэта ўсё правальна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG