Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кастрычніку праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 72 чалавекі — у 1,6 раза больш, чым у верасьні


Акцыя ў падтрымку беларускіх палітычных вязьняў у Празе, кастрычнік 2022.
Акцыя ў падтрымку беларускіх палітычных вязьняў у Празе, кастрычнік 2022.

За кастрычнік 2022 году палітычнымі зьняволенымі прызнана 72 чалавекі (у верасьні — 44, або ў 1,6 раза менш), іх агульная колькасьць на 1 лістапада склала 1353, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» ў штомесячнай справаздачы.

Перасьлед з палітычных матываў праваабаронцы па-ранейшаму расцэньваюць як злачынства супраць чалавечнасьці, піша BPN.

Найбольш частыя абвінавачаньні палітвязьняў: арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) і распальваньне варожасьці (арт. 130).

За ўдзел у пратэставых акцыях 2020 году ў кастрычніку асуджаныя 34 чалавекі. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што абвінавачаныя не зьдзяйсьнялі падпалаў і пагромаў, не аказвалі збройнага супраціву, «у іх дзеяньнях няма складу злачынства, якое ставіцца ім у віну».

Па-ранейшаму ў сьледчым ізалятары ўтрымліваюцца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра рады ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. Каардынатар валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валянтэр Андрэй Чапюк, прыгавораныя да 15 і 6 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна, чакаюць апэляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра «Вясны», кіраўнік Цэнтру стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі і адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі.

У кастрычніку Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, Стэфановіч пераабраны віцэ-прэзыдэнтам Фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).

Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала заяву з патрабаваньнем вызваліць Бяляцкага, а таксама іншых праваабаронцаў, якія цяпер за кратамі.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў месцах пазбаўленьня волі ўтрымліваюцца 32 супрацоўнікі СМІ. У кастрычніку скончыўся разгляд некалькіх знакавых крымінальных спраў прадстаўнікоў мэдыя.

6 кастрычніка ў Менскім абласным судзе быў абвешчаны прысуд па «справе БелаПАН». Былому намесьніку дырэктара кампаніі і мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў калёніі, яго жонцы Ірыне Злобінай — дзевяць, галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай — чатыры гады, былому дырэктару Дзьмітрыю Наважылаву — шэсьць гадоў. Прызначаны буйныя штрафы: Аляксандраву — 1000 базавых велічынь (32 000 рублёў), Злобінай — 800 базавых (25 600 рублёў), Наважылаву — 700 базавых (22 400 рублёў ).

26 кастрычніка Менскі гарадзкі суд прыгаварыў рэдактара партала «Ежедневник» Сяргея Сацука да васьмі гадоў калёніі.

На наступны дзень Менскі гарадзкі суд вынес прысуд журналісту Аляксандру Любенчуку — тры гады калёніі.

Усе названыя журналісты прызнаныя палітвязьнямі.

У кастрычніку «Вясьне» стала вядома пра 53 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага перасьледу.

У справаздачы зазначаецца, што «ўлады цынічна эксплюатуюць тэму барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам для апраўданьня рэпрэсій у дачыненьні да пратэстоўцаў і іншадумцаў». Колькасьць грамадзян, прызнаных датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасьці, павялічылася за месяц з 573 да 1469. За адзін дзень 28 кастрычніка МУС прызнаў «экстрэмістамі» 625 чалавек.

Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў за кастрычнік павялічыўся на 52 пазыцыі, сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў — на шэсьць (да 97).

Праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, якія застаюцца беспакаранымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG