Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтая амністыя — не для палітвязьняў. Чаканьні людзей ня спраўдзіліся», — кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту


Турма ў Магілёве, 2010 год
Турма ў Магілёве, 2010 год

Хто з палітвязьняў можа выйсьці на волю па амністыі, законапраект аб якой быў нарэшце апублікаваны? Ці вызвалялі раней менавіта па амністыі вялікія групы палітвязьняў? Якая роля інстытуту амністыі ў беларускай праўнай сыстэме?

На гэтыя пытаньні адказвае праваабаронца, кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Сьцісла

  • Пераважная большасьць палітвязьняў не падпадзе пад сёлетнюю амністыю.
  • Акрамя Бяляцкага ў 2014 годзе, я і не прыгадаю ніводнага палітвязьня, вызваленага менавіта па амністыі.
  • У Беларусі амністыі праводзяцца даволі часта, прыкладна раз на кожныя два гады.
  • Магчыма, сытуацыя зьмянілася з таго часу, калі даваліся няпэўныя абяцаньні наконт вызваленьня палітвязьняў.
  • Раней шырокае вызваленьне палітвязьняў суправаджалася спыненьнем ці прыцішваньнем рэпрэсій, было часткай зьмякчэньня. Зараз мы гэтага не назіраем.

— Апублікаваны законапраект аб амністыі. Большасьць (калі ня ўсе) «палітычныя» артыкулы КК у праекце закону выведзеныя з-пад амністыі.

Сярод пералічаных артыкулаў КК, на якія не распаўсюджваецца амністыя, ёсьць наступныя:

  • арт. 130 — за «распальваньне варожасьці»;
  • арт. 293 — за «масавыя беспарадкі»;
  • арт. 342 — за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»;
  • арт. 361-1 — за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»;
  • арт. 368 — за «абразу Лукашэнкі»,
  • арт. 369 — за «абразу прадстаўніка ўлады».

У тым жа артыкуле закону аб амністыі прапісана, што ня будуць вызваляцца асуджаныя, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці». З больш як 1350 палітвязьняў — якая частка была асуджаная паводле гэтых артыкулаў?

— Пераважная большасьць з асуджаных палітвязьняў праходзіць менавіта па гэтых артыкулах. Калі нехта з палітвязьняў асуджаны па іншых артыкулах, то гэта адзінкі. Да таго ж ёсьць дадатковае абмежаваньне наконт датычнасьці да «экстрэмісцкай дзейнасьці». Мы чулі, што зараз адміністрацыя месцаў зьняволеньня пачала масава караць палітвязьняў за парушэньне рэжыму ўтрыманьня. А паводле праекту закону парушальнікі гэтага рэжыму таксама не падпадаюць пад амністыю.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту
Алег Гулак, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту

Такім чынам, інструмэнтам вызваленьня палітвязьняў гэтая амністыя ніяк не зьяўляецца.

— Нараду пра амністыю Аляксандар Лукашэнка правёў 6 верасьня. Падчас яе ён згадаў людзей, «якія зрабілі злачынствы празь неасьцярожнасьць, а таксама нязначныя злачынствы, уключаючы дзеяньні пратэставай накіраванасьці». Пракурор Андрэй Швед на той нарадзе заявіў ад імя свайго ведамства, што асобы, якія «замахнуліся на канстытуцыйны лад у 2020–2021 гадах», не павінны падлягаць амністыі. Хто з палітычных усё ж можа падпасьці пад гэтую амністыю?

— Зараз на гэтае пытаньне адказаць немагчыма. Сыстэма можа ігнараваць свае ж законы — скажам, яна можа закрыць вочы на парушэньне рэжыму ўтрыманьня нейкім вязьнем і вызваліць яго па амністыі. Але калі артыкул, па якім асуджаны вязень, яўна не падпадае пад амністыю, то на абыход гэтага ўлады ня пойдуць. Калі захочацца кагосьці вызваліць, то застаецца мэханізм памілаваньня.

«Маральны аўтарытэт, чые каштоўнасьці бясспрэчныя». Што трэба ведаць пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага https://rferl.link/W3Ve

— Ці вызвалялі ў мінулым вялікія групы палітвязьняў менавіта па амністыі? Алесь Бяляцкі, сёлетні нобэлеўскі ляўрэат, быў вызвалены ў 2014 годзе па амністыі. Але вязьні Плошчы-2010 вызваляліся праз памілаваньне. У 2021 годзе 13 палітвязьняў напярэдадні 17 верасьня таксама былі вызваленыя праз памілаваньне.

— Масава палітвязьняў праз амністыю не вызвалялі ніколі. Вызваленьне палітвязьняў заўсёды адбывалася праз мэханізм «ручнога кіраваньня» — праз памілаваньне. Амністыя — гэта вызваленьне пэўных катэгорый вязьняў. Да таго ж вызваленьне па амністыі — гэта даволі доўгая працэдура. З пункту гледжаньня ўлады амністыя — нязручны інструмэнт для вызваленьня палітвязьняў. Мы, праваабаронцы, адпачатку казалі, што ня варта ад сёлетняй амністыі чакаць іх вызваленьня. Акрамя Бяляцкага ў 2014 годзе, я і не прыгадаю ніводнага палітвязьня, вызваленага менавіта па амністыі.

— За ўвесь час незалежнасьці, з 1992 году, цяперашняя амністыя — 17-я, прыкладна па тры на кожныя пяць гадоў. У 2019–2020 гадох яны былі штогод. Па сутнасьці, гэта не аднаразовая праява дзяржаўнай міласьці, а рэгулярны і часта дзейны інстытут. Якая роля інстытуту амністыі ў беларускай праўнай сыстэме?

— Так, амністыі ў Беларусі праводзяцца даволі часта. Беларускія адвакаты, калі вядуць справы сваіх падабаронных на крымінальных працэсах, разьлічваюць тактыку абароны з улікам чарговай амністыі. Гэта звычайная практыка ў нашай краіне. У іншых краінах амністыі так часта не праводзяцца. А ў нас гэта інструмэнт рэгуляваньня нестыковак паміж судамі і сыстэмай пакараньня.

— У 2019 годзе амністыю, прымеркаваную да гадавіны вызваленьня Менску ад нацыстаў, абвясьцілі на 9 дзён пазьней за 3 ліпеня, у 2020 годзе — на 16 дзён пазьней за гадавіну Дня перамогі, да якога яна была прымеркаваная. Сёлета толькі праект закону аб амністыі апублікаваны на 25 дзён пазьней за гадавіну, да якой яна нібыта прымеркаваная. Пакуль дэпутаты разгледзяць, блізка будзе да іншага дзяржаўнага сьвята — 7 лістапада. Неяк недарэчна: амністыя, прымеркаваная да аднаго сьвята, будзе абвешчаная пад іншае сьвята. З чым зьвязанае гэтае адцягваньне?

— Сыстэма не замарочваецца такімі нюансамі, што да чаго прымеркавана. Да гэтай амністыі была вялікая ўвага, былі вялікія спадзяваньні, бо былі дадзеныя цікавыя абяцаньні. Напэўна, калі гэтыя абяцаньні гучалі, была іншая сытуацыя, на нешта абяцаньні спрабавалі паўплываць. Напэўна, сытуацыя зьмянілася.

Раней, калі рыхтавалася шырокае вызваленьне палітвязьняў, гэта суправаджалася спыненьнем ці прынамсі прыцішваньнем рэпрэсій, гэта было часткай нейкай «адлігі». Зараз мы гэтага ніяк ня бачым. Было б дзіўна вызваляць палітвязьняў і адначасна ніяк не зьмяншаць інтэнсіўнасьць рэпрэсій.

Проста вельмі хацелася зьмякчэньня. І таму грамадзкая і палітычная думка чаплялася за такія абяцанкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG