Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парафія сьвятых Сымона і Алены не дачакалася ад уладаў адказу па сытуацыі з Чырвоным касьцёлам


Чырвоны касьцёл у Менску
Чырвоны касьцёл у Менску

Менская каталіцкая парафія сьвятых Сымона і Алены наракае на адсутнасьць дзейснай камунікацыі з уладамі па сытуацыі з закрытым Чырвоным касьцёлам.

«Дагэтуль на ўсе нашыя звароты да дзяржаўных органаў мы не атрымалі канкрэтных адказаў. Трымаемся далей у ружанцовай малітве вакол касьцёла і дома ў сем’ях», — паведамляецца на парафіяльным сайце.

У парафіі нагадалі, што 2 лістапада традыцыйна ўзгадваюць усіх спачылых вернікаў. Супольнасьць заклікалі асабліва маліцца за «ўсіх памерлых, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве касьцёла, барацьбе за яго вяртаньне вернікам у 1990 годзе, а таксама ўсіх, хто ў розныя часы маліўся ў нашым касьцёле».

Каля двух тыдняў таму каталіцкая супольнасьць зьвярнулася да кіраўніцтва прадпрыемства «Менская спадчына» з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў парафіі да абсьледаваньня пашкоджаных канструкцый, вопісу маёмасьці. Таксама яны пісьмова папрасілі Сьледчы камітэт паведаміць пра вынікі сьледчых дзеяньняў, а Лукашэнку — разабрацца ў сытуацыі з закрыцьцём Чырвонага касьцёла.

26 верасьня ў 3.35 у Чырвоным касьцёле спрацавала пажарная сыгналізацыя. Паводле інфармацыі МНС, у выніку здарэньня была пашкоджана маёмасьць на плошчы каля 20 квадратных мэтраў, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».

6 кастрычніка Менгарвыканкам у асобе дырэктара свайго прадпрыемства «Менская спадчына» паведаміў пра скасаваньне дамовы бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла з парафіяй сьвятых Сымона і Алены, афіцыйна — праз рамонтныя работы. Парафіі рэкамэндавалі на працягу найбліжэйшых дзён вынесьці маёмасьць.

7 кастрычніка курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі заявіла, што шукае «альтэрнатыўныя магчымасьці для аднаўленьня дзейнасьці парафіяльнай супольнасьці», але «спадзяецца на плённае супрацоўніцтва» з уладамі дзеля вяртаньня Чырвонага касьцёла вернікам.

14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі праводзіць набажэнствы ў плябаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG