Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Складальнікі Collins Dictionary назвалі permacrisis словам году. Што гэта

абноўлена

Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Складальнікі слоўніка ангельскай мовы Collins Dictionary, які выдаецца ў Шатляндыі, выбралі словам году permacrisis — гэта значыць пэрманэнтны, пастаянны крызіс.

Брытанскія лінгвісты лічаць, што гэтае слова «апісвае адчуваньне жыцьця ў пэрыяд вайны, інфляцыі і палітычнай нестабільнасьці». Рашэньне «падводзіць вынік таму, наколькі па-сапраўднаму жудасным 2022 год стаў для многіх людзей», цытуе BBC кіраўніка Collins Learning Алекса Бікрофта.

Слова permacrisis узначаліла складзеную аўтарамі слоўніка штогадовую падборку 10 слоў ці фраз, якія, як адзначаецца, «адлюстроўваюць мову, якая пастаянна разьвіваецца, і клопаты тых, хто яе выкарыстоўвае».

Оксфардзкі слоўнік назваў словам мінулага, 2021 году слова vax, зьвязанае з вакцынамі і вакцынацыяй у пэрыяд эпідэміі COVID-19.

У ранейшыя гады Collins Dictionary выбіраў галоўнымі такія словы, як lockdown, fake news, Brexit, climate strike і іншыя.

Сёлета ў шорт-лісьце слоўніка былі і іншыя словы і словазлучэньні, якія адлюстроўваюць цяперашнюю сытуацыю ў сьвеце:

Carolean — слова, зьвязанае з праўленьнем новага караля Вялікай Брытаніі;

Kyiv — сталіца Ўкраіны («якая знаходзіцца на рацэ Дняпро», удакладняюць лексыкографы);

Lawfare — стратэгічнае выкарыстаньне судовых працэдур для запалохваньня або стварэньня перашкодаў апанэнту;

Partygate — палітычны скандал, выкліканы вечарынамі, якія праводзіліся ў брытанскіх дзяржаўных установах у час локдаўну, абвешчанага праз эпідэмію каранавірусу;

Quiet quitting — практыка, калі працуюць ня больш, чым прадугледжвае кантракт, каб заставалася больш часу на асабістае жыцьцё;

Splooting — ляжаньне на жываце з выцягнутымі нагамі;

Sportswashing — спонсарства або рэклямаваньне спартыўных мерапрыемстваў дзеля таго, каб аднавіць заплямленую рэпутацыю або адцягнуць увагу ад супярэчлівай дзейнасьці;

Vibe shift — істотная зьмена пераважнай культурнай атмасфэры або тэндэнцыі;

Warm bank — цэнтар абагрэву для людзей, якія ня могуць абаграваць сваё жытло.

Гэты сьпіс быў складзены шляхам маніторынгу базы слоў Collins Corpus з васьмі мільярдаў слоў, а таксама шэрагу мэдыя-крыніц, у тым ліку сацыяльных сетак.

Па правілах рэдакцыі, трапіць у слоўнік могуць толькі тыя словы, якія актыўна выкарыстоўваюцца ня менш як 10 гадоў. За апошнія некалькі гадоў званьне «слова году» атрымалі словы post-truth, selfie і смайлік з усьмешкай і сьлязьмі, а таксама «youthquake» — значныя культурныя, палітычныя ці сацыяльныя зьмены, выкліканыя дзеяньнямі або ўплывам моладзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG