Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлескоп «Джэймс Уэб» даслаў новы здымак загадкавых «Слупоў Тварэньня»


Фрагмэнт зымка «Слупоў Тварэньня», апублікаваных NASA 19 кастрычніка 2022 году
Фрагмэнт зымка «Слупоў Тварэньня», апублікаваных NASA 19 кастрычніка 2022 году

Касьмічны тэлескоп «Джэймс Уэб» зрабіў новы здымак знакамітых «Стоўпаў Тварэньня», якія ўпершыню былі сфатаграфаваныя касьмічным тэлескопам Хабла ў 1995 годзе.

Пра гэта паведамляе амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA.

Трохмерныя слупы выглядаюць як велічныя скальныя ўтварэньні. Гэтыя слупы складаюцца з халоднага міжзоркавага газу і пылу, якія часам здаюцца напаўпразрыстымі ў блізкім інфрачырвоным сьвятле. Каб праляцець скрозь гэтыя слупы, спатрэбяцца гады — нават калі ляцець з хуткасьцю сьвятла.

Апошні здымак знакамітых «Стоўпаў Тварэньня»
Апошні здымак знакамітых «Стоўпаў Тварэньня»

Новы здымак дапаможа дасьледчыкам абнавіць свае мадэлі зоркаўтварэньня. З часам яны пачнуць лепш разумець, як зоркі фармуюцца і вырываюцца з гэтых пыльных аблокаў на працягу мільёнаў гадоў.

Як піша ВВС, на здымку, апрацаваным на гэтым тыдні, навукоўцы могуць падрабязна разгледзець зону, дзе актыўна ідзе працэс фармаваньня першых зорак — так званыя «зорныя ясьлі», — захаваную ў сярэднім інфрачырвоным дыяпазоне.

Аналягічнае фота «слупоў», зробленае ў блізкім ІЧ-дыяпазоне, апублікавалі яшчэ на мінулым тыдні. І здымкі ашаламляльна адрозьніваюцца адзін ад аднаго.

«Слупы тварэньня» разьмешчаныя ад нас на адлегласьці каля 6500 сьветлавых гадоў — у цэнтры актыўнай вобласьці, вядомай астраномам як туманнасьць Арла. Менавіта туды зараз накіраваная большасьць тэлескопаў сьвету: навукоўцы спрабуюць лепш зразумець фізычныя і хімічныя працэсы, што запускаюць тэрмаядзерную рэакцыю, у выніку якой з аблокаў газу і касьмічнага пылу раптам успыхвае сьвяціла, якое паводле памеру можа быць у дзясяткі разоў больш і цяжэй за нашае Сонца.

«Джэймс Уэб», асноўнае люстэрка якога мае ў дыямэтры 6,5 мэтраў і ўсеянае высокачульлівымі сэнсарамі — самы прыдатны прыбор для назіраньня за гэтым працэсам.

А вось такі здымак быў апублікаваны NASA 19 кастрычніка:

«Мы чакалі, што сярэдні інфрачырвоны дыяпазон дазволіць нам зазірнуць за пылавую заслону, аднак гэты надзвычайны новы здымак паказвае, што хвалі, злоўленыя ў тым жа дыяпазоне, выдатна падыходзяць і для вывучэньня самога пылу і складаных малекул, якія адлюстроўваюць спапяляючае сьвятло распаленых новых зорак, якія ўспыхнулі паблізу», — тлумачыць прафэсар Марк Макарыян, які кансультуе Эўрапейскае касьмічнае агенцтва ў навуковых пытаньнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG