Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі драматург ініцыяваў кампанію за вызваленьне беларускай палітзьняволенай


Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк

Вядомы чэскі драматург, матэматык Рэнэ Левінскі стаў ініцыятарам кампаніі ў падтрымку палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк.

Актывістку грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» затрымалі 3 студзеня 2021 году ў яе ўласным доме, куды ўламіліся сілавікі. Суд Маскоўскага раёну Берасьця 9 чэрвеня прызначыў ёй 2 гады калёніі. Яе прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Абраза прэзыдэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364).

У ніводным артыкуле яна сваёй віны не прызнала, настойвала на тым, што яе ўвязьнілі незаконна.

Пачаткова на свабоду Паліна мела выйсьці ў верасьні сёлета. Аднак у лютым распачаўся чарговы суд над Палінай — ужо ў закрытым рэжыме на тэрыторыі гомельскай жаночай калёніі. Сёмага красавіка актывістку пакаралі дадаткова адным годам зьняволеньня і абвінавацілі ў злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы.

Праз пэўны час пасьля прысуду Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі з калёніі ў СІЗА-3 у Гомлі.

Да кампаніі Левінскага далучыліся старшыня Асацыяцыі незалежных тэатраў, дырэктарка «Тэатру X10» Ленка Гаўлікава, былы вязень сумленьня, журналіст, які падпісаў «Хартыю-77», Пэтар Посьпіхал, пісьменьніца і перакладніца Тэрэза Сэматамава, паэтка, дырэктарка «Славацкага фонду Хартыі-77» Зузана Сатмары, мэдыяаналітык Ёcэф Шлерка, перакладніца Крысьціна Шыянок. У межах кампаніі створаны адмысловы сайт, на якім можна знайсьці ўсю інфармацыю.

Арганізатары кампаніі патрабуюць неадкладна вызваліць з турмы Паліну Шарэнду-Панасюк і нагадваюць уладам і начальству калёніі пра іхную асабістую адказнасьць за захаваньне законнасьці пры ўтрыманьні зьняволеных.

Чэскія ініцыятары кампаніі заклікаюць пісаць Паліне лісты падтрымкі на адрас:
ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласьць, Беларусь.

Таксама на гэты адрас заклікаюць накіроўваць лісты да начальніка турмы Дзьмітрыя Мікалаевіча Курловіча, які нясе адказнасьць за ўмовы ўтрыманьня зьняволеных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG