У справаздачы ацэньваецца прагрэс у рэалізацыі з 2017 да ліпеня 2022 года, у тым ліку ў пэрыяд, адзначаны беспрэцэдэнтным перамяшчэньнем мігрантаў на межах Беларусі ў 2021 годзе.
Група станоўча адзначае шэраг адпаведных заканадаўчых зьмяненьняў і зьменаў у працэдуры ідэнтыфікацыі ахвяр гандлю людзьмі.
«У пэрыяд 2017–2021 гг. МУС афіцыйна прызнала ахвярамі гандлю людзьмі і зьвязаных зь ім злачынстваў 753 чалавекі (90% з якіх жанчыны і дзяўчаты). Амаль усе выяўленыя ахвяры былі грамадзянамі Беларусі, і больш за 80% зь іх эксплуатаваліся ўнутры Беларусі. Сэксуальная эксплуатацыя заставалася пераважнай формай эксплуатацыі ахвяр». – гаворыцца ў справаздачы.
GRETA заклікае беларускія ўлады актывізаваць свае намаганьні па прадухіленьні гандлю людзьмі з мэтай працоўнай эксплуатацыі. У прыватнасьці, гэта павінна ўключаць павышэньне кваліфікацыі інспэктараў працы, нагляд за агенцтвамі па найму і прадастаўленьне працоўным-мігрантам эфэктыўнага доступу да канфідэнцыйных мэханізмаў падачы скаргаў.
Дзеці склалі 32,5 працэнта афіцыйна выяўленых ахвяр гандлю, таму GRETA заклікае ўлады распрацаваць праграмы па зьніжэньні ўразьлівасьці дзяцей да гандлю людзьмі, у прыватнасьці дзяцей, зьмешчаных у дзіцячыя ўстановы або тых, хто іх пакідае, дзяцей з сельскай мясцовасьці і дзяцей у ромскіх супольнасьцях.
Група экспэртаў Рады Эўропы шкадуе, што ўдзел грамадзянскай супольнасьці ў барацьбе з гандлем людзьмі абмежаваны і зьніжаецца. Падчас візыту ў Беларусь у верасьні 2021 года GRETA не змагла правесьці сустрэчы з большасьцю НДА, якія займаюцца барацьбой з гандлем людзьмі, паколькі яны былі распушчаныя або іх прадстаўнікі ўцяклі за мяжу, баючыся перасьледу.
«GRETA занепакоена тым, што паўсюднае і сыстэматычнае задушэньне арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі стварае значную рызыку таго, што парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да ахвяр гандлю людзьмі ня будуць прызнаныя такімі. Гэта таксама сур'ёзна абмяжоўвае доступ пацярпелых да спэцыялізаванай дапамогі». – гаворыцца ў справаздачы.
У дакумэнце згадваецца таксама мігранцкі крызіс у Беларусі ў 2021 годзе. Група экспэртаў Рады Эўропы сьцьвярджае, што беларускія ўлады ня толькі не змаглі прадухіліць гандаль замежнымі грамадзянамі празь Беларусь, але і актыўна заахвочвалі яго і тым самым самі маглі садзейнічаць гандлю людзьмі.