«У раёне населенага пункту Гарнастаеўка інжынэрна-сапэрныя падразьдзяленьні расейскіх акупацыйных войскаў закладваюць міны ўздоўж берагавой лініі, пакідаючы невялікія праходы для патэнцыйнага адступленьня сваіх войскаў з правага берага», — паведаміў сьпікер Генштабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.
Паводле яго, акупацыйныя ўлады працягваюць эвакуацыю мясцовых жыхароў з Херсону. У Генічаск і Скадоўск расейцы перавезьлі з абласнога цэнтру абсталяваньне і пэрсанал усіх банкаў і акупацыйнай адміністрацыі.
«Скралі абсталяваньне інтэрнэт-правайдэраў, эвакуацыі падлягаюць прадстаўнікі апэратыўных службаў і мэдычны пэрсанал. Спынілі фінансаваньне школ і забесьпячэньне харчаваньнем дзяцей у школах. Павялічылася колькасьць крадзяжоў у мясцовых жыхароў і выпадкі марадэрства», — паведаміў Аляксандар Штупун.
У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» адзначылі, што адначасова расейцы актывізавалі паветраную выведку пры дапамозе бесьпілётнікаў тыпу «Арлан-10» і атакі ўкраінскіх пазыцый іранскімі дронамі. Але ўкраінскія войскі іх зьбілі.
«Чатыры разы варожая авіяцыя, як армейская, гэтак і штурмавая, наносіла ўдары па пазыцыях уздоўж лініі сутыкненьня. Годным адказам стала зьбіцьцё зэнітна-ракетнымі падразьдзяленьнямі цягам баявога дня трох ударных [расейскіх] верталётаў Ка-52», — паведаміў сьпікер камандаваньня «Поўдзень» Уладзіслаў Назараў.
Інстытут вывучэньня вайны: Расея не адыходзіць з Херсонскай вобласьці
24 кастрычніка дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань паведаміў, што расейцы адступаюць з правабярэжнай часткі Херсону.
У той жа час экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што расейскія войскі перамяшчаюцца з правага на левы бераг Дняпра, каб мець больш прыдатныя пазыцыі для абароны акупаванага абласнога цэнтру.
«Расейскія войскі, падобна, рыхтуюцца абараняць горад Херсон і не адыходзяць цалкам з правабярэжнай Херсонскай вобласьці, нягледзячы на папярэднія пацьверджаныя паведамленьні аб адступленьні некаторых расейскіх фармаваньняў з Херсону», — адзначаецца ў справаздачы Інстытута.
Паводле экспэртаў ISW, расейцы не праводзяць поўнага вываду войскаў з Херсону і вобласьці.
«Тым ня менш пазыцыі Расеі ў верхняй (правабярэжнай. — РС) частцы Херсонскай вобласьці, пэўна, невыносная. Украінскія войскі, хутчэй за ўсё, захопяць гэтую частку да канца 2022 году», — мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.