Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні «Праекта» і латвійскага выданьня «Спектр».
Адна з жанчын, якім дапамагаў рэжысэр, Ангеліна Сасноўская расказала журналістам, што мікрааўтобус, на якім яны зьбіраліся пакінуць горад, быў прыпаркаваны ў суседнім раёне Марыюпаля. Дабрацца да яго трэба было пешшу, каля трох кілямэтраў. Адлегласьць невялікая, аднак з прычыны бесьперапынных абстрэлаў жанчыны разам з рэжысэрам і кіроўцам дабіраліся да яго цэлыя суткі кароткімі перабежкамі. Калі яны праходзілі праз двор дома на бульвары Багдана Хмяльніцкага, Кведаравічуса і кіроўцу, які яго суправаджаў, затрымалі. Як аказалася, у гэтым доме знаходзіўся апорны штаб вайскоўцаў з Расеі і так званай «ДНР».
Жанчыны схаваліся ў кватэры аднаго з жыхароў дома. Некалькі разоў яны хадзілі да расейскіх вайскоўцаў і прасілі адпусьціць іх спадарожнікаў. У выніку рэжысэр так і застаўся з расейскімі вайскоўцамі, адпусьцілі толькі кіроўцу. Пазьней той расказаў, што ў штабе вайскоўцы прымусілі іх распрануцца. Яны аглядалі целы мужчын у пошуках татуіровак, сьлядоў ад зброі і бронекамізэлькі. У Кведаравічуса ўбачылі сіняк на сьпіне. Сасноўская ў размове з журналістамі выказала думку, што яго магла пакінуць сумка, якую нёс рэжысэр.
Кведаравічуса так і не адпусьцілі. Жанчыны самі пайшлі да машыны і сустрэлі там жонку рэжысэра Ганну Белаброву. Даведаўшыся, што здарылася, яна адправілася на пошукі мужа і праз шэсьць дзён знайшла яго цела на кучы сьмецьця недалёка ад таго месца, дзе яго апошні раз бачылі жывым.
Пагаварыць з журналістамі таксама пагадзіліся жыхары дамоў на бульвары Хмяльніцкага, дзе разьмяшчаўся штаб расейскіх вайскоўцаў. Яны пацьвердзілі, што ў канцы сакавіка раён гэтага дома кантралявалі вайскоўцы РФ і «ДНР». Адзін з «дээнэраўцаў» карыстаўся пазыўным «Паштэт». Расьсьледавальнікі знайшлі ў сацсетках двух вайскоўцаў з «ДНР» з такім пазыўным. У мужчыне па імені Павел Мусіенка жанчыны, якіх спрабаваў вывезьці Кведаравічус, няўпэўнена апазналі таго, хто быў пры затрыманьні рэжысэра.
Журналісты напісалі яму паведамленьне ў «Аднаклясьніках», але ён адказаў, што ў баях у Марыюпалі ня ўдзельнічаў. Аднак прадстаўнікі сьледчых органаў Літвы, якія займаюцца расьсьледаваньнем забойства Кведаравічуса, расказалі, што Мусіенка «ўваходзіць у поле зроку сьледзтва, яго дачыненьне да затрыманьня Кведаравічуса ўстанаўліваецца».
Першапачаткова паведамлялася, што Кведаравічус загінуў пад абстрэлам у Марыюпалі. Гэтую вэрсію прыдумалі, каб жонка змагла вывезьці цела праз тэрыторыю Расеі. Рэжысэр паехаў у Марыюпаль, каб зьняць працяг свайго фільма.
Адзін з апошніх фільмаў Кведаравічуса, «Марыюпаліс», расказваў пра горад, за які ішлі жорсткія баі. Гэта была стужка аб прыфрантавым жыцьці, у якой амаль не было палітыкі: у карціну была ўключана толькі адна сцэна сьвяткаваньня 9 траўня, калі на галоўнай плошчы Марыюпаля спрачаліся прыхільнікі Расеі з георгіеўскімі стужачкамі і тыя, хто выйшаў туды з украінскім сымбалем перамогі — чырвоным макам.
Кведаравічус таксама зьняў дакумэнтальны фільм «Барзах» пра кадыраўскую Чачню. Здымаў яго рэжысэр таемна.