На кожным кроку адны супярэчнасьці. Адзін загад выключае другі, справы абвяргаюць словы. І такі альгарытм задаецца з самага верху. На кожным кроку адны супярэчнасьці. Адзін загад выключае другі, справы абвяргаюць словы. І такі альгарытм задаецца з самага верху.
Лукашэнка падчас нарады аб бясьпецы 10 кастрычніка казаў, што мы ваяваць ня хочам, гэта падступны Захад імкнецца ўцягнуць нас у вайну. Але тым часам на тэрыторыю Беларусі ўводзіцца вялікая колькасьць расейскіх вайскоўцаў і ствараецца сумесная рэгіянальная групоўка войскаў.
Афіцыйна заяўляецца, што мабілізацыі ня будзе, але павялічваецца прызыў на вайсковыя зборы з запасу і абвешчана праверка баяздольнасьці. Што дае падставу рабіць высновы аб прыхаванай мабілізацыі.
Учора міністар замежных спраў Уладзімер Макей у кулюарах саміту СНД у Астане абвясьціў, што ў Беларусі ўведзены рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. Тлумачэньні Макея неабходнасьці такіх захадаў былі даволі блытаныя. Сёньня КДБ абверг гэтую інфармацыю:
«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контратэрарыстычная апэрацыя не праводзілася і ў цяперашні час не праводзіцца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, носіць недакладны характар», — заявілі БелТА ў КДБ.
Адна рука ня ведае, што робіць другая? Сілавікі паказалі кіраўніку МЗС ягонае месца? Макей быў вымушаны апраўдвацца і ва ўсім абвінаваціў СМІ: маўляў, гэта яны ўсё наблыталі.
Нарэшце, сам Лукашэнка ўмяшаўся ў спрэчку розных ведамстваў і заявіў у Астане:
«У сувязі з абвастрэньнем уведзены рэжым такой падвышанай тэрарыстычнай небясьпекі».
Гэта таксама мала што тлумачыць. Што гэта азначае з прававога гледзішча?
І дзе тыя тэрарысты, хто іх бачыў? Дарэчы, учора КДБ унёс у «сьпіс тэрарыстаў» журналістак Tut.by Вольгу Лойку і Алену Талкачову. Вось супраць такіх, як яны, і вядзецца контратэрарыстычная апэрацыя?
Кіраўнікі сілавых структураў, выконваючы загад Лукашэнкі, паехалі ў працоўныя калектывы, каб патлумачыць палітыку ўладаў і супакоіць народ. І там таксама суцэльныя дзівосы. Генэралы запэўніваюць людзей, што ўсё спакойна, усё пад кантролем, ня трэба панікаваць, сілавікі на варце. І пры гэтым апавядаюць, што суседнія краіны рыхтуюць тэракты на беларускай тэрыторыі, ужо падрыхтаваліся да ваеннага нападу і нават гатовыя выкарыстаць ядзерную зброю. Але вы не хвалюйцеся, усё нармальна.
Ня менш парадаксальная гульня вакол амністыі. Шостага верасьня Лукашэнка абвяшчае амністыю да «Дня народнага адзінства» 17 верасьня і намякае, што яна будзе тычыцца і палітвязьняў. Пасьля гэтага «сьвята» мінуў амаль месяц, і вось нарэшце зьявіўся адпаведны законапраект. І высьветлілася, што на палітзьняволеных амністыя не распаўсюджваецца.
Апошні сюжэт. З самага пачатку вайны рыторыка найвышэйшых афіцыйных асобаў і дзяржаўных мэдыя зводзіцца да таго, што Ўкраіна рыхтуе ваенны напад на Беларусь. Асабліва рэзка гэтая тэма прагучала падчас нарады 10 кастрычніка.
У адказ прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў разьмясьціць місію міжнародных назіральнікаў на ўкраінска-беларускай мяжы. Рэакцыя афіцыйнага Менску была чаканая. Дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандр Вальфовіч, міністар замежных спраў Уладзімер Макей дружна адпрэчылі гэтую ідэю, не асабліва затлумляючыся аргумэнтамі. І гэта зразумела. Місія міжнародных назіральнікаў лёгка выкрыла б усе міталягемы аб ваеннай пагрозе Беларусі з боку Украіны і, у сваю чаргу, фіксавала б усе факты абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі расейскімі вайскоўцамі зь Беларусі.
Здаецца, усе гэтыя супярэчнасьці тлумачацца вельмі проста. Кіраўніцтва Беларусі на чале з Лукашэнкам знаходзіцца ў сытуацыі моцнага стрэсу.
Жорсткі ціск з боку Расеі, плянаванае ўвядзеньне сюды вялікай колькасьці расейскіх войскаў рэзка звужае сувэрэнітэт дзяржавы. А тут яшчэ пагрозы Крамля ўжыць ядзерную зброю, абяцаньні заходніх лідэраў ударыць у адказ па вайсковых аб’ектах РФ (а яны тут, у Беларусі). Магчыма, ёсьць і яшчэ нейкія пагрозы, пра якія мы ня ведаем.
А ў сытуацыі стрэсу немагчыма прымаць лягічныя, пасьлядоўныя, вывераныя рашэньні, рабіць несупярэчлівыя заявы. Таму мы і назіраем сутаргавае, ліхаманкавае тузаньне за розныя рычагі дзяржаўнай улады. У выніку чаго краіна нясецца без стырна і ветразяў, хоць на паверхні здаецца, што яна кіруецца цьвёрдай рукой.
Толькі ў адным кірунку ўлады дзейнічаюць пасьлядоўна. У кірунку барацьбы з палітычнымі апанэнтамі. Бо ў стрэсавай сытуацыі дзейнічае рэфлекс. Каля ня ведаеш, што рабіць, узмацняй рэпрэсіі. Таму і абвешчана пра ўзмацненьне барацьбы з «тэрарыстамі».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.